Па стане на 24 лютага ад хваробы COVID-19, выкліканай новым каранавірусам, у сьвеце памерлі 2619 чалавек (зь іх 2592 у Кітаі). Толькі за мінулы дзень 151 чалавек (150 у Кітаі, зь якіх 149 у правінцыі Хубэй, яшчэ адзін у Паўднёвай Карэі).
Агулам у сьвеце зафіксавалі 79,5 тысячы выпадкаў заражэньня каранавірусам nCOV-2019 (зь іх 77,3 тысячы ў Кітаі), паправіліся звыш 25 тысяч чалавек, у цяжкім стане застаюцца звыш 11,5 тысячы.
Кітай
Але агулам колькасьць новых выпадкаў каранавірусу паступова зьніжаецца. Як піша Reuters, у Кітаі ў шэрагу правінцыяў ужо амаль не фіксуюць новых выпадкаў хваробы. І хоць кіраўнік дзяржавы Сі Цзіньпін заяўляе, што эпідэмія ўсё яшчэ «сур’ёзная і складаная, а прафілактыка і кантрольная праца знаходзяцца ў самай складанай і крытычнай стадыі», некалькі правінцыяў панізілі ўзровень рызыкі і паслабілі карантынныя захады.
Паўсюль, акрамя правінцыі Хубэй (са сталіцы якой Уханю пачалася эпідэмія) здаровым кітайцам цяпер дазваляюць пакідаць гарады. З Уханю абяцаюць выпускаць жыхароў для крытычных апэрацыяў.
Паўднёвая Карэя
У Паўднёвай Карэі зафіксавалі 161 новае заражэньне на каранавірус, усяго там фіксавалі 763 выпадкі, 7 сьмерцяў і 18 ачуньваньняў.
Чацьвёрты найвялікшы горад краіны Тэгу, абвешчаны «зонай асаблівага кантролю», фактычна ізаляваны. Палёты туды прыпынілі Asiana Airlines і Korean Air. Курс карэйскай валюты вона ўпаў да найніжэйшага ўзроўню з жніўня.
Італія
Трэцяй у колькасьці зафіксаваных выпадкаў заражэньня каранавірусам стала Італія, якая нядаўна абагнала Японію. Там зафіксавалі 157 заражэньняў і ўжо трэцюю сьмерць (у Іране пры 43 заражэньнях 8 сьмерцяў), усе памерлыя былі пажылымі людзьмі.
Улады Вэнэцыі з прычыны ўспышкі COVID-19 скасавалі сьвяткаваньне двух апошніх дзён традыцыйнага гарадзкога карнавалу. У Вэнэта і Лямбардыі на поўначы краіны абвясьцілі закрыцьцё школаў і ўнівэрсітэтаў. Скасаваныя футбольныя матчы Сэрыі А. Эўракубкавыя гульні могуць быць перанесеныя або праведзеныя без гледачоў. Аўстрыя хоча абмеркаваць з Італіяй магчымасьць закрыцьця мяжы.
Эбола ў цэнтры Афрыкі
Сусьветная арганізацыя здароўя (WHO) тым часам сьцьвярджае, што мае тэрміновую патрэбу ў 40 млн даляраў на апэрацыю супраць эпідэміі ліхаманкі Эбола ў цэнтральнаафрыканскай Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга (агулам на апэрацыю са студзеня па чэрвень плянуюць выдаткаваць 83 млн).
Барацьба з Эболай там трывае ў правінцыях, ахопленых узброеным канфліктам; грошы патрэбны і на абарону ад вірусу суседніх краінаў. Адмова ад апэрацыі, кажуць у WHO, прывядзе да трагічных наступстваў. Пакуль атрымліваецца запаволіць распаўсюд зь нядаўніх 15 да 3 новых выпадкаў на тыдзень.
Агулам было зафіксавана 3433 выпадкі ліхаманкі Эбола, зь якіх 2253 скончыліся сьмерцю хворых. Сьмяротнасьць хваробы на парадак вышэйшая, чым ад новага каранавірусу.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.