Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выходзіць, беларусы будуць красьці нафту ў дзясяткаў нафтавых кампаній», — расейскі экспэрт


Экспэрт расейскага Фонду нацыянальнай энэргетычнай бясьпекі Ігар Юшкоў пракамэнтаваў пагрозу Аляксандра Лукашэнкі пачаць адбор транзытнай расейскай нафты з нафтаправоду «Дружба», калі Расея ў лютым не паставіць Беларусі нафту ў патрэбных аб’ёмах. Пры гэтым кіраўнік Беларусі спаслаўся на так званы індыкацыйны паліўны балянс, узгоднены ўрадамі Беларусі і Расеі.

Ён прадугледжвае пастаўкі Беларусі 24 тонаў нафты ў год — па 2 мільёны тонаў у месяц. «Праз Беларусь на Захад і для Беларусі перапампоўваюць 70 млн тон нафты. І яны не маюць ніякіх праблем... Таму калі не паставяць у лютым, будзем да 2 млн тон дабіраць».

Словы Юшкова прыводзіць інтэрнэт выданьне «Беларускія навіны» са спасылкай на выданьне "Национальная служба новостей".

Расейскі экспэрт патлумачыў, што ў міжурадавых пагадненьнях па нафце паміж Беларусьсю і РФ гаворка ідзе не аб гарантаваных абʼёмах пастаўкі нафты, а аб тэхналягічных магчымасьцях перапампоўкі. Каб атрымаць жаданы абʼём нафты, Беларусі неабходна купіць яе ў расейскіх кампаній.

«24 млн тон нафты ў год, пра якія кажа Лукашэнка — нічога гэтага няма — заявіў Ігар Юшкоў. — Ёсьць так званы „індыкацыйны балянс“, які азначае, што Расея гарантуе тэхнічную магчымасьць перапампоўкі гэтых абʼёмаў, не саму пастаўку. Цяпер „Белнафтахім“ павінен пайсьці да расейскіх нафтавых кампаніяў і зь імі дамовіцца аб камэрцыйных пастаўках. Гэта значыць, купіць нафту. Пакуль дамовы не заключаныя».

Расейскі экспэрт мяркуе, што зараз Беларусь не гатовая да прыёму нафты, нават калі б неабходныя пагадненьні былі б падпісаныя.

«Нават калі б цяпер заключылі кантракты, і "Транснафта" падала 2 млн тон у трубу, Беларусь не змагла б яе прыняць. Яны на мінулым тыдні выпампавалі тэхналягічную ("буфэрную") нафту, якая там зьмяшчаецца, каб забясьпечыць працу нафтаправоду. Значыць, ён ня можа цяпер працаваць. І яны самі гэта зрабілі» — лічыць аналітык расейскага Фонду нацыянальнай энэргетычнай бясьпекі.

Паводле яго адбор транзытнай нафты, калі гэта здарыцца, будзе лічыцца крадзяжом, і пацягне за сабой шматлікія судовыя пазовы, паколькі гэтая нафта зьяўляецца ўласнасьцю многіх кампаніяў.

«Выходзіць, беларусы будуць красьці нафту ў дзясяткаў нафтавых кампаній. Гэта будзе міжнародны скандал», — заявіў Юшкоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG