Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пацтвердзіў, што намесьнік міністра абароны па палітычных пытаньнях Джон Руд быў звольнены пасьля двух гадоў знаходжаньня на пасадзе.
«Я хачу падзякаваць Джону Руду за яго служэньне нашай краіне і жадаю яму посьпеху ў яго будучых пачынаньнях», — напісаў Трамп у твітэры.
Раней агенцтва Bloomberg паведамляла са спасылкай на ананімныя крыніцы, што на Руда нібыта аказваюць ціск «тыя, хто страціў веру ў яго здольнасьць ажыцьцявіць пляны Трампа». Руд быў намесьнікам міністра абароны па палітычных пытаньнях са студзеня 2018 году.
У траўні Джон Руд даў Кангрэсу зялёнае сьвятло для ўхваленьня 250 мільёнаў долараў дапамогі Ўкраіне на патрэбы бясьпекі. Белы дом прыпыніў гэтую дапамогу, гэтае рашэньне фактычна лягло ў аснову працэдуры імпічмэнту прэзыдэнта Трампа.
Шэраг службовых асобаў, якія давалі крытычныя паказаньні падчас слуханьняў аб імпічмэнце, былі адхіленыя Трампам ад пасадаў — у тым ліку дырэктар па справах Эўропы ў Радзе нацыянальнай бясьпекі ЗША падпалкоўнік Аляксандр Уіндман і пасол ЗША ў Эўразьвязе Гордан Сондлэнд.