Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мюнхэнская канфэрэнцыя: чаму ЭЗ і ЗША па-рознаму бачаць будучыню Захаду


Мюнхэнская канфэрэнцыя аб бясьпецы, пасяджэньне 14 лютага 2020
Мюнхэнская канфэрэнцыя аб бясьпецы, пасяджэньне 14 лютага 2020

Пазыцыі ЗША і Эўропы адносна стану трансатлянтычных адносін сур’ёзна разышліся на Мюнхэнскай канфэрэнцыі аб бясьпецы 15–17 лютага, паведамляе Голас Амэрыкі.

Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер у сваім ўступным слове абвінаваціў Вашынгтон у тым, што ён «адхіляе ідэю міжнароднай супольнасьці», і папярэдзіў пра штораз большыя пагрозы з боку Расеі і Кітаю.

Амэрыканская дэлегацыя на чале зь міністрам абароны Маркам Эспэрам і дзяржсакратаром Майкам Пампэо запярэчыла сьцьвярджэньням аб трансатлянтычным расколе.

Майк Пампэо
Майк Пампэо

«Гэтыя заявы проста… не адлюстроўваюць рэальнасьці, — заявіў дзяржсакратар Пампэо, выступаючы на канфэрэнцыі 15 лютага. — Я рады паведаміць, што паведамленьні пра сьмерць трансатлянтычнага альянсу моцна перабольшаныя. Захад выйграе. Мы разам выйграем».

Паводле Пампэо, у якасьці доказу Эўропа павінна зірнуць на дзясяткі тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў, якія абараняюць мяжу NATO з Расеяй, і на вядучую ролю Амэрыкі ў барацьбе з «Ісламскай дзяржавай».

Дзяржсакратар Пампэо таксама паабяцаў вылучэньне краінам Усходняй Эўропы аднаго мільярда даляраў для спыненьня іх залежнасьці ад расейскага газу з мэтай павелічэньня экспарту амэрыканскага звадкаванага газу.

Эмануэль Макрон
Эмануэль Макрон

Эўропа, аднак, ставіць іншы дыягназ. Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што ЗША праходзяць празь «пераасэнсаваньне сваіх адносінаў з Эўропай» і што Эўропа павінна ўзяць на сябе адказнасьць за свой лёс.

«Адбываецца паслабленьне Захаду, — сказаў Макрон. — Пятнаццаць гадоў таму мы лічылі, што нашы каштоўнасьці зьяўляюцца ўсеагульнымі, што мы будзем дамінаваць у сьвеце ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, што мы будзем дамінаваць у пляне тэхналёгій, узброеных сіл і гэтак далей. А цяпер я гляджу на гарызонт у 10–15 гадоў, і бачу, што нас усё больш ціснуць іншыя павесткі, іншыя каштоўнасьці».

Макрон дадаў, што прыйшоў час для «стратэгічнага дыялёгу» з Расеяй. Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў удзельнікам канфэрэнцыі, што трэба адмовіцца ад культываваньня фантому расейскай пагрозы. Многія іншыя эўрапейскія краіны спаслаліся на расейскае ўварваньне ва Ўкраіну ў 2014 годзе як на сьведчаньне рэальнай пагрозы.

Палітыка ў дачыненьні да Кітаю можа стаць прычынай найбуйнейшага трансатлянтычнага расколу. Амэрыканскія заканадаўцы выступалі з засьцярогамі супраць удзелу кітайскай кампаніі Huawei у разьвіцьці тэхналёгій сувязі новага пакаленьня 5G. Вялікабрытанія нядаўна абвясьціла, што дазволіць Huawei ўдзельнічаць у стварэньні элемэнтаў сваёй сеткі 5G.

Нэнсі Пэлосі
Нэнсі Пэлосі

«Гаворка ідзе пра выбар на інфармацыйнай супэрмагістралі на карысьць аўтакратыі і на шкоду дэмакратыі», — заявіла на канфэрэнцыі сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі.

Арганізатары канфэрэнцыі віталі дыпляматычны прагрэс у некаторых сфэрах, уключаючы публічную сустрэчу прэзыдэнтаў Азэрбайджану і Армэніі.

У ходзе канфэрэнцыі адбыліся сустрэчы высокага ўзроўню па Лібіі і Сырыі, але без адчувальнага прагрэсу.

Тэмай канфэрэнцыі павінна была стаць «Адсутнасьць Захаду», пад якой яе прыхільнікі разумелі заняпад заходняй дэмакратыі. Амэрыканская дэлегацыя рашуча адхіліла гэтыя трывогі, настойваючы, што стан здароўя Захаду ніколі ня быў лепшы, чым цяпер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG