Жыхары вёскі пад Сьветлагорскам кажуць, што задыхаюцца ад смуроду. Пабудаваны кітайскімі інвэстарамі завод беленай цэлюлёзы ўжо працуе на 85% ад праектнай магутнасьці.
«Душагубкай» называюць завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам мясцовыя жыхары. Апошнімі днямі вяскоўцаў зноў накрыла смуродам і грукатам з кітайскага заводу. Тым часам улады рыхтуюцца да пуску новай вытворчасьці.
Жыхарка Якімавай Слабады Людміла Ісаенка расказала Свабодзе, што мінулую ноч вяскоўцы правялі, «нібы ў зоне баявых дзеяньняў»:
«Завод страшна гудзеў. У 4.50 я ня вытрымала — спаць было немагчыма — і патэлефанавала ратавальнікам. Але МНС ня можа спыніць завод. Яны проста фіксуюць нашы скаргі. Студзень і люты накрывае нас гэтым смуродам, асабліва калі заходні вецер. Спадзяёмся толькі на паўночны вецер — тады гэты смурод не ідзе на нас і хоць можна адпачыць.
Са Сьветлагорску да Якімавай Слабады часта езьдзяць аўтобусы і маршруткі. Людзі штодзень трапляюць у гэтае воблака ружовага хімічнага пару і дзікага смуроду. Гэта фашызм — пабудаваць такога монстра за 400 мэтраў ад нашых гародаў», — кажа Людміла Ісаенка.
За сытуацыяй пільна сочыць праваабаронца Алена Масьлюкова:
«Мне скардзяцца слабодцы, што яны сьпяць у масках, бо смурод невыносны. Не пускаюць дзяцей на вуліцу. Завод называюць „монстрам“, „душагубкай“ і „пачварай“. Толькі чыноўнікам абыякава — яны рыхтуюцца запусьціць завод», — дадала праваабаронца.
Адной з жыхарак Якімавай Слабады генэральны дырэктар Сьветлагорскага ЦКК Юрый Крук даў адказ на зварот:
«Завод працуе на магутнасьці больш за 85% ад праектнай. Якасьць цэлюлёзы, якая выпускаецца, адпавядае ДАСТ».
Паводле адказу дырэктара, у студзені 2020 году былі атрыманыя ўсе заключэньні зацікаўленых кантрольных органаў, рыхтуюцца дакумэнты для ўводу заводу ў эксплюатацыю.
Што важна ведаць пра завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам
- У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва, але праект быў распачаты.
- Смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у лістападзе 2017 году пасьля першых пусканаладачных работ.
- Кіраўніцтва заводу сьцьвярджала, што выкіды не аказваюць нэгатыўнага ўплыву на здароўе, аднак пасьля дзясяткаў скаргаў ва ўсе структуры ўлады ад мясцовых жыхароў, прызнала, што «газы з кепскім пахам» — мэтыльмэркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
- 25 сьнежня 2017 году жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст, патрабуючы вырашыць праблему са «сьмярдзючым заводам».
- 7 ліпеня 2018 году ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» пачаў пусканаладачныя працы на вытворчасьці беленай цэлюлёзы. У тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі дачныя ўчасткі і сельскагаспадарчыя надзелы.
- 15 верасьня мясцовыя жыхары зноўку выйшлі на пратэст у Сьветлагорску супраць выкідаў з кітайскага заводу.
- Вытворчасьць беленай цэлюлёзы нясе выкіды мэтыльмэркаптану, які ў вялікіх дозах можа выклікаць сьмерць.
- За 20 мэтраў ад заводу знаходзяцца парнікі Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі, якая не ўключана ў санітарна-абарончую зону.
- За 350 мэтраў — вёска Якімава Слабада, яе ў ахоўную зону ўключылі.
- Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.
Канцэрн «Белляспаперпрам» запэўнівае, што запуск вытворчасьці беленай цэлюлёзы «знаходзіцца пад кантролем». Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі:
- тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных каапэратываў;
- парнікі і адкрытыя надзелы Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі;
- сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.
«Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер». Пад Сьветлагорскам запускаюць кітайскі завод
У ліпені кіраўніцтва ЦКК абяцала, што будзе праводзіцца рэгулярны маніторынг экалягічнай сытуацыі ў раёне. Цяпер амаль штодзень на сайце Сьветлагорскага ЦКК разьмяшчаецца адпаведная інфармацыя, паводле якой выкіды не перавышаюць усталяваныя экалягічным заканадаўствам нормы (гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі).