Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі паліттэхноляг Паўлоўскі ня лічыць магчымым далучэньне Беларусі ваенным шляхам


Глеб Паўлоўскі
Глеб Паўлоўскі

Вядомы расейскі паліттэхноляг Глеб Паўлоўскі ня лічыць магчымым далучэньне Беларусі ваенным шляхам, бо гэта цягне за сабой шматлікія выдаткі, паведамляе БелаПАН.

У праграме «Особое мнение» на радыёстанцыі «Эхо Москвы» Паўлоўскі назваў утопіяй аб’яднаньне Расеі і Беларусі ў адну дзяржаву. У той жа час ён зрабіў агаворку:

«Гэта ўтопія, але гэта ня значыць тое, што не адбудзецца. Як вядома, наш [філёзаф] Мікалай Бярдзяеў сказаў, што праблема ўтопій ня ў тым, што яны ня могуць адбыцца, а ў тым, як бы ім перашкодзіць спраўдзіцца. Вось я думаю, гэта з разраду такіх утопій».

Паводле Паўлоўскага, гаворка ідзе пра дзьве ўтопіі — Лукашэнкі і Пуціна.

«Зыходна першым быў Лукашэнка. Ягоная ўтопія была ў тым, каб садзейнічаць абʼяднаньню краін і стаць прэзыдэнтам абʼяднанай краіны. Гэта з другой паловы 90-х. Ён вельмі настойлівы чалавек, і ён за гэта ня раз браўся. Калі зьявіўся Пуцін, ён зразумеў, што гэтае месца занятае, а іншыя яго не задавальняюць. І, адпаведна, ён настойвае, як я думаю, на чымсьці роўным, на прынамсі роўнамагутнай гэтаму пасадзе. А тое, што яму прапаноўваюць, гэта ніяк ня роўнамагутна — усе астатнія ідэі з саюзным парлямэнтам, з саюзным урадам і г.д. Ну мы ведаем, што ў нас адбываецца з урадамі і з парлямэнтамі. Таму не атрымалася», — сказаў паліттэхноляг.

Паводле яго, сіла ўтопій у тым, што яны бываюць вельмі прывабныя і самі сабой мабілізуюць масы. «Напрыклад, калі б пуцінская ўтопія мабілізавала беларусаў, яны захацелі б горача ў гэтую адзіную дзяржаву, Лукашэнка займеў бы ўнутраную нелаяльнасьць зьнізу. Ён гэтага баіцца, і таму ён манэўруе. Але няма гэтай масавай цягі відавочна, хоць сацыялёгія беларуская — усё роўна, што расейская, прама скажам... Я высока ацэньваю яе кіравальнасьць», — заявіў Паўлоўскі.

«З гэтага боку ўтопія ня дзейнічае, а ваенная мадэль тут стварае мільён іншых праблем, — падкрэсьліў паліттэхноляг. — Дапусьцiм, яна была б зьдзяйсьняльнай, калі б тут, у Расеі, існавала прагнае імкненьне паглынуць Беларусь. Папраўдзе..., як толькі даходзіць да справы, ніхто за гэта не гатовы плаціць тры капейкі. Значыць, мы такія імпэрыялісты канапавыя, што мы зусім ні самі не зьбіраемся ісьці ваяваць, ні аплочваць гэта».

«Ты яе праглынеш, Беларусь, а хто будзе трымаць? Нацгвардыі не набярэсься», — сказаў Паўлоўскі.

Паводле яго, праблема ў тым, што наогул вельмі цяжка сказаць штосьці пэўнае пра Расейскую Фэдэрацыю, бо няма «інэртнай, масіўнай, інэрцыйнай асновы як дзяржава». «Проста ёсьць вось гэтая такая вёрткая, рухомая Расейская Фэдэрацыя, такая яшчарка... З гэтым вы ня можаце, у адрозьненьне ад сто гадоў таму чырвонай Расеі, захапіць іншую дзяржаву і ў ёй знайсьці апору для захопленага... А хто тут пойдзе за Чырвонай Арміяй? У мяне нейкае сумненьне», — падсумаваў Паўлоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG