Летась 21 красавіка паміж жыхарамі аднаго двара ў Гомлі адбыўся канфлікт. Адзін зь яго ўдзельнікаў, жыхар Янава (Берасьцейская вобласьць), прадэманстраваў для пагрозы няспраўны пісталет і муляж гранаты. 11 лютага суд пакараў абвінавачанага 8 гадамі калёніі строгага рэжыму.
«Усё таму, што ў пацярпелага брат у пракуратуры служыць. За што такі тэрмін мне? Хто будзе гадаваць майго сына? Як такое можа быць, што ад самалюбства, фанабэрыстасьці і блату ў пракуратуры нявінна цярпяць людзі?» — зазначыў у камэнтары журналістам абвінавачаны Уладзімер Мельнікаў.
Ён прасіў судзьдзю Алену Шайн зачытаць прысуд цалкам, разам з матывавальнай часткай. Яна, аднак, зачытала толькі выніковую частку.
Пасьля абвяшчэньня прысуду абвінавачанаму зрабілася блага. Ён мае шэраг захворваньняў: дыябэт, гіпэртэнзію, ішэмічную хваробу сэрца, панкрэатыт і гепатыт. Выклікалі «хуткую».
«Баяўся „марозаўцаў“, таму схапіў няспраўны пісталет і муляж гранаты»
21 красавіка жыхар Янава, зваршчык Уладзімер Мельнікаў быў у сваіх сваякоў у Гомлі. На вуліцы ў яго ўзьнік канфлікт зь мясцовым жыхаром Валерам Сталовічам і яго прыяцелем.
«Я не падаў ім рукі. Сталовіч, які працуе адвакатам, пачаў пагражаць, што я яшчэ ня ведаю, хто ён такі, і ён патэлефануе „марозаўцам“ (гомельская банда, вядомая шматлікімі забойствамі і іншымі злачынствамі. — РС) і са мной разьбяруцца. Я спалохаўся, пабег у свой аўтамабіль і ўзяў пнэўматычны, прычым няспраўны, пісталет і муляж гранаты — каб неяк абараніць сябе ад магчымай сустрэчы з бандытамі», — тлумачыў на судзе абвінавачаны.
Тым часам, паводле пацярпелага Раманчыкава, ён патэлефанаваў адвакату Сталовічу і папярэдзіў, што Мельнікаў шукае яго зь пісталетам і гранатай у руках. Сталовіч выклікаў міліцыю. Пісталет і гранату забралі, пачалі праверку.
Міліцыя адмовілася заводзіць справу, пакуль не ўмяшаўся брат пацярпелага, намесьнік пракурора Гомля
Далей падзеі разьвіваліся наступным чынам.
Красавік 2019-га
Міліцыя праводзіла праверку і не знайшла падстаў для таго, каб распачаць крымінальную справу.
Чэрвень 2019-га
Уладзімер Мельнікаў атрымаў адказ зь міліцыі, што ў ягоных дзеяньнях няма складу злачынства. У крымінальнай справе адмовілі.
Ліпень 2019-га
Намесьнік пракурора Гомля Вячаслаў Сталовіч (родны брат пацярпелага адваката. — РС) вынес пастанову адмяніць папярэднюю пастанову, дзе адмаўлялі ў завядзеньні крымінальнай справы, і накіраваў дакумэнты на новую праверку. Ён палічыў, што праверку правялі ня ў поўным аб’ёме.
Жнівень 2019-га
Пракурор Гомельскай вобласьці Віктар Марозаў вынес пастанову «аб адмене рашэньня аб адмене пастановы аб адмове ў распачынаньні крымінальнай справы і накіраваньні матэрыялаў на новую праверку».
«Працэсуальнае рашэньне пракуратуры Гомля прынята неабгрунтавана», — вырашыў абласны пракурор.
Але ў выніку крымінальную справу паводле артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу (злоснае хуліганства) ужо распачалі і Ўладзімера Мельнікава чакаў суд.
Абвінавачаньне прасіла 9 гадоў турмы
На судзе абвінавачаньне гучала такім чынам, што Мельнікаў ня проста трымаў у руках ці дэманстраваў пісталет і гранату, а накіроўваў зброю ў бок адваката і яго прыяцеля. Дзяржаўнае абвінавачаньне прасіла пазбавіць жыхара Янава волі на 9 гадоў. Паводле іх, Мельнікаў быў раней судзімы за крадзяжы і рабаўніцтва, таму гэтае злачынства — рэцыдыў.
Уладзімер Мельнікаў адзначыў у апошнім слове, што сапраўды быў раней судзімы, але адбыў тэрмін, ня меў парушэньняў, вызваліўся датэрмінова. 9 апошніх гадоў ён адзначаўся ў крымінальна-выканаўчай інспэкцыі, ня меў ніякіх заўваг ці парушэньняў.
«Хоць бы мой малодшы сын вырас пры бацьку!»
«Я заўсёды трымаўся за сваю працу, перажываю, што ня здолею забясьпечыць сям’ю, — выказаўся падсудны Ўладзімер Мельнікаў. — Я марыў пра тое, каб меншы сын, яму цяпер восем, гадаваўся пры бацьку, таму што старэйшыя дзеці вырасьлі на спатканьнях са мной у турме. Усе мае мары хочуць разбурыць людзі, якія сваімі паказаньнямі проста топяць мяне.
У мяне няма такога старэйшага брата-пракурора, як у адваката Сталовіча, каб мяне абараніць. Я ня ў сілах даказаць сваю невінаватасьць — бо пацярпелага абараняе ўся сыстэма. Я нават не магу зразумець, чым ён ад мяне так пацярпеў? Тры разы праваахоўныя органы адмаўляліся распачынаць справу! Але, відаць, знайшлі сьледчага — спэцыяліста ў арганізацыі такіх спраў. Сьледчы і мяне ўвёў у зман, прасіў зьмяніць паказаньні, пагражаючы СІЗА. Я ня мог нікому прычыніць шкоду няспраўным пнэўматычным пісталетам і муляжом гранаты».
Ён прасіў для сябе справядлівага прысуду.
Тры пацярпелыя, у тым ліку Валер Сталовіч, на першых пасяджэньнях суду адмаўляліся камэнтаваць справу. На судовых спрэчках і прысудзе яны ўвогуле не прысутнічалі. Першапачаткова ў справе яны праходзілі сьведкамі. Падчас сьледзтва іх статус зьмянілі на пацярпелых.
Адвакат: «Суд павінен быў ацаніць сваяцкую зацікаўленасьць»
Адвакатка абвінавачанага Сьвятлана Лось пракамэнтавала, што лічыць прысуд несправядлівым і занадта суровым. На яе думку, у судзе не знайшлі доказаў віны Ўладзімера Мельнікава ў інкрымінаваным злачынстве.
«Што тычыцца сваяцкіх сувязяў пацярпелага і пракурора, то фармальна гэта ня супрацьзаконна, але суд павінен быў гэта ацаніць сваяцкую зацікаўленасьць», — зазначыла адвакат.
Публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.