71-гадовага Дага Вівэстада прызналі вінаватым паводле ч 1.арт 339 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Хуліганства». Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суд Маскоўскага раёну Берасьця.
Прысуд па Дагу Вівэстаду — 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму. Мера стрыманьня ранейшая — пад вартай. Залічаны тэрмін папярэдняга зьняволеньня. Таксама Вівэстад аплоціць суму экспэртыз у суме 2 рублі 22 капейкі.
«Вівэстада Дага прызналі вінаватым у наўмысных дзеяньнях, якія груба парушалі грамадзкі парадак і праяўлялі яўную непавагу да грамадзтва, суправаджаліся прымяненьнем гвалту і вылучаліся выключным цынізмам, хуліганствам, то бок учыненьнем злачынства, якое прадугледжвае ч. 1 арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь», — зачытала рашэньне судзьдзя Вера Філонік.
Рашэньне для Дага Вівэстада перакладаў сынхронны перакладчык на ангельскую мову.
Сям'я пацярпелай крычала «Ганьба!»
У судзе прысутнічала сям’я пацярпелай дзяўчынкі.
«Ганьба! Будзеце падыхаць, успамінаць мяне», — пагражаў малады мужчына.
Пажылая жанчына, магчыма, бабка дзяўчынкі, пасьля абвяшчэньня рашэньня кляла ўсіх прысутных.
«Госпадзе, хоць бы вашых дзяцей гэта кранула», — плакала яна. — Я сёньня ўсё Берасьце падыму. Ён дзіця за... чапаў, цягнуў у машыну. Адна сэкунда — і дзіця было б у машыне. Я паеду ў Менск да прэзыдэнта, упаду там. Пракурор, вы ж жанчына! У майго сыночка было вясельле... А гэты вырадак, яму 71 год, ён пайшоў у стрыптыз-бар, скраў дзіця! Ваш суд прадажны! Кожны дзень буду сьвечку ставіць, каб вашых дзяцей гэта кранула».
«Ганьба судовай сыстэме, — крычаў малады мужчына. — Вы тут усе ў змове... Сваіх грамадзян малалетніх не абараняюць. Перадайце гэта ад нашай сям’і ўсёй сыстэме!»
Пракурор папрасіў зьмяніць абвінавачаньне
З камэнтара абаронцаў асуджанага стала вядома, што перакваліфікаваць абвінавачаньне з ч. 3 арт. 167 «Гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару» на ч. 1 арт 339 «Хуліганства» прасіў на працэсе пракурор.
«Ня ведаю, чым кіраваўся бок абвінавачаньня, калі прасіў перакваліфікаваць абвінавачаньне, — пракамэнтаваў Радыё Свабода рашэньне суду адвакат абвінавачанага Андрей Буневіч. — Магчыма, паміж паказаньнямі сьведак і доказамі былі значныя разыходжаньні».
Па словах адваката, абарона Вівэстада настойвала на поўным апраўданьні. Сам Вівэстад прыняў рашэньне спакойна. Абарона ўлічвае, што пацярпелы бок будзе абскарджваць рашэньне.
Нарвэжца затрымалі ў Берасьці 29 верасьня 2019 году. Яго абвінавачвалі па ч. 3 арт. 167 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — «дзеяньні сэксуальнага характару ў дачыненьні да заведама непаўналетняга».
Пакараньне паводле гэтага артыкулу прадугледжвае ад 8 да 15 гадоў зьняволеньня.
Што адбылося
Падрабязнасьці абвінавачаньня не былі вядомыя нават сваякам асуджанага. Адвакаты, улічваючы, што ў справе фігуруе непаўналетняя, адмаўляліся паведамляць дэталі.
Жонка Вівэстада Н. расказала Радыё Свабода, што абвінавачаньне можа заключацца ў эпізодзе ў гатэлі «Беларусь». Паводле жонкі, Вівэстад сустрэў там групу дзяцей, пагутарыў са старэйшай дзяўчынкай па-ангельску і, захапіўшыся яе веданьнем ангельскай мовы, пацалаваў яе ў шчаку.
«Калі падсумаваць (абвінавачаньне. — РС), то ў ім гаворыцца, што Даг Вівэстад у холе гатэля „Беларусь“ на вачах шматлікіх сьведак утрымліваў рукамі і цалаваў пацярпелую 10-гадовую дзяўчынку, наносіў ёй удары, спрабаваў выцягнуць яе на вуліцу і пасадзіць у аўтамабіль таксі», — паведаміў Свабодзе расейскі адвакат Ільля Новікаў, які кансультаваў беларускую адвакатку нарвэжца.
Як расказвала жонка Вівэстада, пазьней яго і ягонага сябра-нарвэжца на стаянцы таксі моцна зьбіла група мужчын. Па словах Новікава, некаторыя з нападнікаў сталі сьведкамі абвінавачаньня Вівэстада. У РУУС Маскоўскага раёну Берасьця моцна зьбітага сябра пасьля здарэньня адпусьцілі, а Дага Вівэстада затрымалі і прад’явілі абвінавачаньні паводле 167-га артыкулу.
Праверка ў справе зьбіцьця была прызначаная толькі пасьля таго, як гісторыя стала вядомая ў СМІ. Пабіты грамадзянін Нарвэгіі сьцьвярджае, што яму правялі апэрацыю з прычыны нанесенай унутрычарапной траўмы.
Ён прыбыў з Нарвэгіі ў Берасьце, каб сьведчыць на судзе ў падтрымку Дага Вівэстада.
Сваякі заяўляюць пра парушэньні правоў Дага Вівэстада
Пляменьніца і жонка нарвэжца сьцьвярджаюць, што яму пагражалі зброяй, не далі перакладчыка з нарвэскай мовы ў першыя 72 гадзіны арышту. Пра ягоны арышт не паведамілі ў амбасаду Нарвэгіі. На працягу 5 дзён Дага ў цяжкіх умовах пад канвоем везьлі ў Менск для праходжаньня псыхіятрычнай экспэртызы, пры гэтым ніхто ня ведаў, дзе ён знаходзіцца. Сустрэчы з жонкай і сваякамі былі абмежаваныя — за 4 месяцы жонка бачылася зь ім коратка 4 разы.