Жыхары Стоўпцаў, нягледзячы на сарваную прэзэнтацыю, усё ж атрымалі кнігу журналіста Свабоды Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы». Амаль 5 гадзінаў аўтар разносіў яе па горадзе сам.
11 лютага 2019 году ў школе № 2 гораду Стоўпцы вучань 10-й клясы Вадзім М. учыніў падвойнае забойства — зарэзаў сваю настаўніцу Марыну Пархімовіч і вучня Сашу Раманава. На другі дзень пасьля забойства журналіст Свабоды Дзьмітры Гурневіч прыехаў у Стоўпцы. Правёў там амаль тыдзень і напісаў кнігу.
Прэзэнтацыя кнігі зь «Бібліятэкі Свабоды» пра падвойнае забойства ў мясцовай школе мелася адбыцца ў пятніцу, 7 лютага. Але за дзень да сустрэчы ўладальнік залі адмовіўся ад арэнды, спаслаўшыся на тэхнічныя прычыны. Знайсьці іншую пляцоўку ў горадзе арганізатарам прэзэнтацыі не ўдалося.
Тым ня менш жыхары Стоўпцаў маглі бясплатна замовіць кнігу праз адмысловую анкету на сайце Радыё Свабода і праз прыватныя акаўнты аўтара ў сацыяльных сетках.
У суботу аўтар наведаў Стоўпцы і раздаў больш за сотню асобнікаў.
— Добры дзень, замаўлялі кнігу? — пытаецца Дзьмітры Гурневіч у гаспадара дому.
— Так, гэта сюды. Заходзьце.
— Мы прасілі 11 штук. Каб не высылаць па пошце. Для нас, сваякоў і сяброў, — кажа гаспадар.
Наступны адрас на суседняй вуліцы. Аўтар ідзе туды пешкі з валізкай на колах.
— Добры дзень. Мы не памыліліся? З кнігай да вас.
— Так, заходзьце, гэта да нас. Праходзьце, калі ласка. Мы пяць штук прасілі, — кажа гаспадыня і пералічвае імёны тых, хто замаўляў празь яе кнігу.
— Вы і падпішыце яе нам. А я пакуль вам каву зраблю.
Празь некалькі хвілін гаспадыня выносіць філіжанкі з кавай і печыва, частуе Дзьмітрыя Гурневіча і журналістаў, якія прыехалі зь ім.
Але амаль паўсюль просяць больш, чым адзін асобнік — для сяброў, сваякоў і знаёмых, тых, хто зьбіраўся быць на прэзэнтацыі, а таксама тых, хто пабаяўся замаўляць кнігу праз інтэрнэт.
— Людзі страшна ўсяго баяцца, асабліва калі працуюць у бюджэтнай сфэры, у дзяржаўных установах. Я бізнэсовец, працую сам на сябе, таму мне няма каго баяцца. Я таксама выступаю ў прэсе, крытыкую ўладу і ніякіх пагроз для бізнэсу не адчуваю. Не разумею, чаму пабаяўся ўладальнік піцэрыі, — кажа Мікалай Лысянкоў, мясцовы прадпрымальнік. — Яшчэ адну кнігу замаўляў мой сын, але ён пойдзе вечарам у касьцёл, дзе вы таксама будзеце.
Некалькі кніжак Дзьмітры Гурневіч пакідае ў мясцовай бібліятэцы і ў сям’і Аляксандра Раманава.
У цэнтры гораду кнігу ад аўтара атрымлівае працаўніца фотаатэлье. Некалькі хвілін яны з аўтарам размаўляюць пра трагедыю, якую ў горадзе яшчэ доўга не забудуць.
— Дзякуй, я і сама вучылася ў школе № 2. Здымаю там кожны год. Гэта цудоўная школа, настаўнікі там шыкоўныя, і дырэктарка Аксана Лось была проста ідэальная. Яна ведала ўсіх бацькоў па імёнах. Яна выключны чалавек. А нядаўна быў вечар сустрэчы выпускнікоў, і яе не было. Яна там больш не працуе. Гэта ўжо ня тая школа. Вельмі шкада, што такі чалавек ня можа больш працаваць па спэцыяльнасьці. І завуч не працуе ў школе. Вельмі шкада, — гаворыць жанчына.
Наступны адрас у раёне шматпавярховікаў. Праз дамафон аўтара запрашаюць увайсьці ў кватэру. Там просяць падпісаць два асобнікі. Пасьля гэтага запрашаюць прысесьці на абед.
— Я ўжо чуў ад некалькіх асобаў у горадзе, што мясцовыя ўлады як быццам замоўчваюць гэтую тэму. Хоць, па вялікім рахунку, пра гэта трэба гаварыць, аналізаваць і рабіць высновы, — кажа Гурневіч.
Чарговая замова — ад рабочых аднаго зь мясцовых дзяржаўных прадпрыемстваў. Там просяць 5 кніг. Спачатку пагаджаюцца на здымкі, але празь некалькі хвілін просяць не публікаваць фота каля іх дому.
— Быць у кадры Радыё Свабода — гэта крыж на кар’еры.
— Няма пытаньня, ня будзем даваць гэтае фота, — абяцае Гурневіч.
Каля 18.00 журналісты Свабоды падыходзяць да касьцёла Сьвятога Казіміра, дзе мае адбыцца імша па забітых. Каля брамы ўжо чакаюць некалькі чалавек, сярод якіх і сын забітай настаўніцы Марыны Пархімовіч Арцём.
На імшы ў стаўпецкім касьцёле больш за паўсотні чалавек. Ксёндз Ігар Лашук моліцца за забітых — школьніка Аляксандра Раманава і яго настаўніцу Марыну Пархімовіч.
— А колькі вам трэба за яе плаціць? — пытаецца жанчына.
— Ніколькі, яна бясплатная. Можаце ахвяраваць лепш на будаўніцтва вашага касьцёла, — кажа Гурневіч.
— Дзякуй вам вялікі. Мы і так ахвяруем кожны раз, — адказвае жанчына.
— Дзякуй за кніжку. Але лепш, каб вам больш не прыходзілася пісаць пра такія страшныя рэчы, — кажа яшчэ адна жанчына.
— А можна некалькі кніг для рабочых маторнага заводу? — пытаецца спадарыня.
За 20 хвілін разыходзіцца больш як сотня асобнікаў.
Каб бясплатна атрымаць кнігу Дзьмітрыя Гурневіча, трэба запоўніць заяўку ніжэй.