Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клітар як орган Шродынгера


Ці бачылі вы хоць раз у жаночай кансультацыі плякат, на якім быў бы сярод іншага намаляваны і клітар? Спадзяюся, вы больш удачлівыя за мяне, бо я не бачыла.

Паводле ААН, у сьвеце жыве каля 200 мільёнаў дзяўчатак і жанчын, якім правялі так званае жаночае абразаньне. Без аніякіх мэдычных паказаньняў ім усім часткова альбо цалкам выразалі зьнешнія палавыя органы — палавыя губы і галоўку клітара. 6 лютага быў міжнародны дзень барацьбы супраць гэтай жорсткай працэдуры, якая зьмяняе жыцьцё жанчыны. Тыя, хто прайшлі праз такое калецтва, ня могуць насалоджвацца сэксуальным жыцьцём, а таксама часта маюць хранічныя запаленьні, дадатковы боль пры мэнструацыях і ў родах.

У Беларусі такой практыкі, наколькі вядома, няма. Пра гэтыя калецтвы ўвогуле прынята казаць як пра нешта, прысутнае толькі ў «далёкіх барбарскіх краінах». Але ці сапраўды мы так далёка сышлі ад гэтага?

Клітар нам не выразаюць, але мэдычная і адукацыйная сыстэмы дагэтуль часта ігнаруюць яго наяўнасьць. У школьным падручніку па біялёгіі для 9-й клясы ў тэме «Жаночая палавая сыстэма» на ілюстрацыі клітара няма, а ў тэксьце ён згадваецца як нешта, што знаходзіцца паміж палавымі губамі. Гэта адзіны орган, чыя функцыя аніяк там не апісана.

А ў адпаведным уроку на «інавацыйным адукацыйным інтэрнэт-рэсурсе Якласс» узгадваюць пра мочаспускальны канал (бо ён знаходзіцца побач з палавымі органамі), а пра клітар няма ні слова.

Гэта нейкі орган Шродынгера: ён ёсьць, але шмат хто ўпарта робіць выгляд, што гэта не так. Сакрэт такога перадузятага стаўленьня да клітара просты: гэта адзіны орган у чалавечым арганізьме, які ня мае іншых функцый, акрамя задавальненьня. Прынамсі, пакуль што пра іншыя функцыі нічога не вядома. А раз жаночае задавальненьне — гэта адзінае, для чаго патрэбны клітар, дык і вывучаць яго быццам бы ня трэба.

Ігнараваньне клітара — частка вялікай мэдычнай праблемы: да жаночага (дыс)камфорту дасьледчыкі і вытворцы мэдыкамэнтаў ставяцца значна прасьцей, чым да мужчынскага. Вядома, што аральныя кантрацэптывы могуць мець сур’ёзныя пабочныя эфэкты — мігрэні, зьніжэньне лібіда, павышаная рызыка трамбозу і іншае. А яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў таму непрыемных наступстваў было значна болей, але ўсё адно лічылася, што гэта таго варта. Праўда, цярпець прапаноўвалі і цяпер прапаноўваюць толькі жанчынам.

У 2016 годзе дасьледаваньне мужчынскай гарманальнай кантрацэпцыі было тэрмінова перарвана. Прычына зьдзівіла шмат жанчын: аказалася, што справа была ў пабочных эфэктах. Мужчыны скардзіліся на парушэньне лібіда, праблемы са скурай, боль і у мышцах і іншае. Але ж вось што цікава: калі на такія зьявы скардзяцца жанчыны, нам кажуць «трэба проста падабраць правільны прэпарат, паспрабуйце яшчэ вось гэтыя таблеткі». А варта было пабочным эфэктам праявіцца ў мужчын, дык дасьледаваньне тэрмінова спынілі.

Навукоўцы маглі сказаць, што прэпарат проста не пасуе гэтым канкрэтным мужчынам, і што трэба знайсьці новую групу для дасьледаваньня. Але не, мэдыцына так не працуе, калі гаворка ідзе пра мужчынскі камфорт. Так можна толькі з жанчынамі — мы пацерпім пабочныя эфэкты ад таблетак, ін’екцый і імплянтаў. Мы звыклі цярпець.

А раз мы звыклі цярпець, дык і жаночую віягру рэклямаваць не трэба. Пра лекі для мужчын з эрэктыльнай дысфункцыяй ведаюць усе, а што наконт аналягічных таблетак для жанчын? Яны ёсьць і маюць такое ж дзейснае рэчыва, але іх рэкляму немагчыма ўбачыць у мэтро ці ў раённай паліклініцы. Жаночае задавальненьне ад сэксу — яшчэ адна зьява Шродынгера.

Але мы мусім радавацца, што хоць клітар нам не выразаюць. У прагрэсіўным грамадзтве ўсё ж жывем!

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG