Адказ на свой зварот атрымала праваабаронца Алена Масьлюкова. Яна распавяла Свабодзе падрабязнасьці канфлікту.
Паводле праваабаронцы, ранкам 3 студзеня жыхары Якімавай Слабады заўважылі, што вёску прысыпала невядомым шэрым парашком. «Адзін чалавек вечарам 2 студзеня памыў аўтамабіль, паставіў пад хату чысьценькім — а ранкам убачыў, што машына ўся шэрая! Ня сьнег, ня шэрань — тэмпэратура была плюсавая! Невядома што. Вяскоўцы неадкладна выклікалі санстанцыю і наскрэблі таго парашку. Галоўны лекар санстанцыі Аляксандар Лугінец прыехаў, але адмовіўся браць на аналіз той парашок. Людзі настойвалі, каб санстанцыя зрабіла аналіз рэчыва — бо хто ведае, што ім сыплецца на галаву і адкуль?», — зазначыла Алена Масьлюкова.
Яна напісала зварот у санстанцыю — каб даведацца вынікі аналізу.
Сьветлагорскі занальны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі адказаў:
— лябараторыя праводзіць дасьледаваньні аб’ектаў па паказчыках, прыведзеных у вобласьці акрэдытацыі, якая зьяўляецца дадаткам атэстата акрэдытацыі. Аб’ектам выпрабаваньняў можа быць канкрэтны від прадукцыі або фактар асяродзьдзя пражываньня чалавека, які прызначаны ў вобласьці акрэдытацыі;
— з прычыны таго, што прадстаўлены на дасьледаваньне бела-шэры парашок не прадстаўляецца магчымым ідэнтыфікаваць, як і суаднесьці з абʼектамі выпрабаваньняў, якія ёсьць у вобласьці акрэдытацыі, занальны цэнтар вымушаны адмовіць у правядзеньні такой пробы.
«Атрымліваецца — людзі самі павінны шукаць лябараторыю? Ніхто не адказвае за тое, што ім нешта невядомае сыплецца на галаву? Галоўны лекар на сустрэчы з жыхарамі Якімавай Слабады спрачаўся, што парашок — не абавязкова „прадукт“ вытворчасьці „сьмярдзючага“ заводу. Тады чаму людзям не далі адказ — што гэта за парашок?», — абурылася праваабаронца.
Сьветлагорскі завод беленай цэлюлёзы будаваўся кітайцамі. Яго пуск неаднаразова адкладаўся. Неаднаразова завод быў у эпіцэнтры шэрагу скандалаў.