На раніцу 7 лютага толькі ў Кітаі афіцыйна пацьвердзілі 31 161 выпадак заражэньня новым каранавірусам, 636 чалавек памерлі, паведамляе Дзяржаўны камітэт па ахове здароўя КНР.
Яшчэ ў 4833 чалавек падазраюць каранавірус. З 314 028 чалавек у Кітаі, якія мелі шчыльны кантакт з хворымі, 186 045 чалавек цяпер знаходзяцца пад наглядам лекараў.
Вырасла колькасьць тых, хто захварэў у 25 краінах па-за межамі Кітая: у Японіі — 86 чалавек, у Сынгапуры — 30, у Тайляндзе — 25, у Паўднёвай Карэі — 24, на Тайвані — 16, у Аўстраліі — 15, у Нямеччыне, ЗША і Малайзіі — па 12, у Віетнаме — 10, Францыі — 6, у Канадзе і ААЭ — па 5, у Гішпаніі, Фінляндыі, Швэцыі і Шры-Ланцы — па 1.
У Беларусі выпадкі заражэньня каранавірусам не зафіксаваныя.
Па ўсім сьвеце колькасьць хворых, у якіх дыягнаставалі каранавірус 2019-nCoV, перавышае 31,4 тысячы чалавек, памерлі агулам 638 чалавек.
СААЗ склікае міжнародны форум па барацьбе з каранавірусам
Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) заявіла аб скліканьні глябальнага форуму па распрацоўках і інавацыях для таго, каб намаганьнямі ўсёй сусьветнай супольнасьці вырашыць праблему ўспышкі Ўханьскага каранавірусу, гаворыцца ў заяве на сайце СААЗ.
Форум адбудзецца ў Генуі (Італія) з 11 па 12 лютага, СААЗ арганізуе яго супольна з Глябальнай навуковай супольнасьцю па забесьпячэньні гатоўнасьці да інфэкцыйных захворваньняў.
На канфэрэнцыю ў Італіі зьбяруцца вучоныя, прадстаўнікі дзяржаўных мэдыцынскіх арганізацый, кіраўнікі міністэрстваў аховы здароўя і арганізацый, якія фінансуюць навуковыя распрацоўкі ў сфэры мэдыцыны. Гаворка, у тым ліку, будзе ісьці аб паскарэньні распрацоўкі вакцыны ад новага каранавірусу.
«Выкарыстаньне навуковых магчымасьцяў мае вырашальнае значэньне для кантролю над гэтай успышкай», — кажа генэральны дырэктар СААЗ Тэдрас Аданам Гебрэйесус. — Існуюць пытаньні, на якія нам трэба знайсьці адказы, і інструмэнты, якія мы павінны распрацаваць як мага хутчэй".