Амэрыканскі актор Джарэд Падалецкі, найбольш вядомы рольлю Сэма Вінчэстэра ў сэрыяле «Звышнатуральнае» (Supernatural), пажартаваў у Instagram, што прыдумаў дызайн старых беларускіх рублёў. Міністэрства замежных справаў Беларусі адказала яму запрашэньнем у Белавескую пушчу.
Падалецкі піша, што цяпер, калі «ня будзе сур’ёзных наступстваў», можа публічна падзякаваць Беларусі за супрацу ў дызайне беларускай валюты: «Я б сказаў, у нас была дасканалая тэлефонная размова».
На фота актор трымае купюры па 50 капеек і 25 рублёў дызайну 1992 году — тая сэрыя атрымала ў народзе назву «зайчыкі» за выяву зайца на рублёвай купюры. Герой Падалецкага ў «Звышнатуральным» атрымаў ад аднаго з пэрсанажаў мянушку «Лось», брат героя — мянушку «Вавёрка».
Падалецкі зазначыў, што яму здаецца, што «лось мусіць каштаваць даражэй за вавёрку». Так яно і было — магчыма, актор не зразумеў, што пад лічбай «50» дапісана «капеек» і што «лось» даражэйшы ў 50 разоў за «вавёрку».
Фота Падалецкага з рублямі сабрала ўжо звыш 300 тысяч падабаек і шмат камэнтароў у «Інстаграме», у ліку якіх і адказ ад афіцыйнага акаўнту Міністэрства замежных справаў Беларусі:
«А мы думалі, гэта мусіць быць сакрэтам, — піша МЗС наконт жарту пра супрацу ў дызайне. — Дарэчы, у нас ёсьць выдатныя лосі ў Белавескай пушчы, прыяжджайце і ацаніце іх».