Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два бізнэсоўцы, абвінавачаныя ў Беларусі ў раскраданьні грошай «Нафтану», атрымалі прытулак ва Ўкраіне


Нафтаперапрацоўчы завод у Наваполацку
Нафтаперапрацоўчы завод у Наваполацку

Прадпрымальнікі, якія зьехалі зь Беларусі, пераканалі міграцыйную службу Ўкраіны, што на радзіме іх перасьледуюць за «актыўную грамадзкую пазыцыю».

Два з трох беларускіх бізнэсоўцаў, затрыманых у Адэсе летась у лістападзе на запыт Беларусі, якая падазрае іх у раскраданьні 207 тысяч эўра наваполацкага прадпрыемства «Нафтан», атрымалі ва Ўкраіне часовы палітычны прытулак.

Гаворка ідзе пра сям’ю Шчарбініных — бацьку Генадзя і ягонага сына Ільлю, а таксама Кірылу — у судзе ён назваў Ільлю сваім братам, хоць імёны па бацьку ў іх розныя. Зь лістапада 2019-га толькі адзін зь іх — Кірыла — быў зьмешчаны ў сьледчы ізалятар у Адэсе. Тады ў дачыненьні да Генадзя і Ільлі Шчарбініных суд абраў такую меру стрыманьня, як начны хатні арышт.

На пачатку студзеня Адэскі апэляцыйны суд вызваліў з-пад варты і Кірылу Шчарбініна — пад начны хатні арышт.

Праз тыдзень пасьля затрыманьня, ужо з-пад хатняга арышту, Генадзь і Ільля Шчарбініны зьвярнуліся ў Дзяржаўную міграцыйную службу Ўкраіны па статус палітычных уцекачоў і неўзабаве атрымалі часовы палітычны прытулак на 6 месяцаў.

Крымінальны перасьлед іх у Беларусі ў справе «Нафтану» яны лічаць палітычным. Спасылаючыся на публікацыі ў беларускіх СМІ пра затрыманьне іх у Адэсе, яны пераканалі міграцыйную службу, што на радзіме іх перасьледуюць за «актыўную грамадзкую пазыцыю».

У той жа час украінская пракуратура працягвае праверку матэрыялаў для экстрадыцыі сям’і Шчарбініных у Беларусь. Выдаць іх беларускім праваахоўным органам стане немагчыма ў выпадку, калі ўсе яны атрымаюць ва Ўкраіне сталы палітычны прытулак.

Ва Ўкраіне сям’я Шчарбініных займалася нафтахімічным бізнэсам і мела як мінімум дзьве камэрцыйныя кампаніі — ТАА «Ойл Энд Кемікалс» і ТАА «Укрнафтохімтрейд». Абедзьве гэтыя кампаніі зарэгістраваныя ў Кіеве і гандлююць ва Ўкраіне палівам і хімічнай прадукцыяй.

У чым абвінавачваюць

Паводле матэрыялаў, перададзеных Украіне беларускімі праваахоўнымі органамі, трое бізнэсоўцаў у змове яшчэ з трыма асобамі незаконна прысвоілі 207 тысяч эўра акцыянэрнага таварыства «Нафтан».

Маюцца на ўвазе падзеі 2016 году, калі была падпісаная дамова з замежнай кампаніяй ITP Benelli S.p.A. аб пастаўцы на «Нафтан» спэцыяльнага абсталяваньня вытворчасьці Brownswerk Heat Transfer spol. s.r.o. ды GEA Process Engineering S.p.A. У часе перамоваў бакі нібыта пагадзіліся зьменшыць цану абсталяваньня, але гэтая дамоўленасьць не была адлюстраваная ў кантракце, і завод аплаціў поўны кошт. Розьніцу нібыта пералічылі на рахункі кампаній Mendeleev Group OU ды Petroleum Service OU, і арганізатары апэрацыі яе прысвоілі.

Сьледчы камітэт Беларусі ў верасьні 2018 году выставіў абодвум абвінавачаньні паводле часткі 4 артыкула 210 Крымінальнага кодэксу — крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі ў складзе арганізаванай злачыннай групоўкі. Пакараньне па ім — ад ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

У кастрычніку 2018 году сьледчы ў асабліва важных справах аддзелу расьсьледаваньня злачынстваў у эканоміцы Галоўнага сьледчага ўпраўленьня Сьледчага камітэту Беларусі падпісаў пастанову аб затрыманьні абодвух абвінавачаных. Пазьней іх абвясьцілі ў міжнародны вышук.

Беларускія праваахоўныя органы шукаюць 35-гадовага Кірыла Шчарбініна і 29-гадовага Ільлю Шчарбініна як падазраваных. 58-гадовы Генадзь Шчарбінін хаваецца ад адбываньня пакараньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG