Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фота бацькі Пуціна і дзеда Зяленскага зьявяцца ў комплексе галоўнага храма Ўзброеных сілаў Расеі


Выява праекту галоўнага храма Ўзброеных сілаў Расеі
Выява праекту галоўнага храма Ўзброеных сілаў Расеі

Фатаздымак бацькі шматгадовага кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна будзе выкарыстаны ў аздабленьні комплексу галоўнага храма Ўзброеных сілаў Расеі ў падмаскоўнай Кубінцы, пішуць «Открытые медиа».

Міністэрства абароны Расеі ладзіць праект «Дорога памяти»: на сьценах галерэі, якая будзе весьці да храма, разьмясьцяць партрэты ўдзельнікаў Другой сусьветнай вайны.

У ліку партэтаў, ужо апублікаваных на сайце праекту, ёсьць фота Уладзіміра Сьпірыдонавіча Пуціна — бацькі цяперашняга кіраўніка Расеі. Апошні ня мае дачыненьня да зьяўленьня здымка бацькі на сайце праекту, запэўніў ягоны прэс-сакратар.

Уладзімір Пуцін з фота бацькі, 9 траўня 2016 году
Уладзімір Пуцін з фота бацькі, 9 траўня 2016 году

Таксама на сайце праекту апублікавалі здымак, на якім дзейны прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі глядзіць на магілу свайго дзеда — Сямён Іванавіч Зяленскі таксама ўдзельнічаў у Другой сусьветнай вайне, быў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі. Ці скарыстаюць фота з Уладзімірам Зяленскім, ці знойдзецца асобны здымак Сямёна Зяленскага, невядома.

Галерэя ў комплексе галоўнага храма Ўзброеных сілаў Расеі будзе даўжынёй у 1418 крокаў (па колькасьці дзён Вялікай Айчыннай вайны — Другая сусьветная доўжылася 2069 дзён). Колькі там будзе фота ўдзельнікаў вайны, не паведамлялася.

Храм у Кубінцы мяркуецца адкрыць 9 траўня 2020 году. Ён мае ўвайсьці ў дзясятку найвялікшых праваслаўных храмаў сьвету. Міністар абароны Расеі сьцьвярджаў, што будаўніцтва ідзе на дабраахвотныя ахвяраваньні, ды закупка абразоў, мазаік, мэблі, дзьвярэй і іншага ідзе на грошы Мінабароны (дзяржаўныя закупкі вядуцца з адной крыніцы, якая не раскрываецца), выдаткаваны дзясяткі мільёнаў расейскіх рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG