Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лінкявічус: Надышоў час для больш інтэнсіўных кантактаў Беларусі і Літвы


Лінас Лінкявічус і Уладзімір Макей падчас сустрэчы 3 лютага
Лінас Лінкявічус і Уладзімір Макей падчас сустрэчы 3 лютага

Як заявіў міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус 4 студзеня ў Менску, Літва гатовая да стварэньня зь Беларусьсю пляну дзеяньняў па ліквідацыі існых рознагалосьсяў, паведамляе БелТА. Паводле яго, беларускі бок таксама «паказаў палітычную волю па вырашэньні існых праблем».

Таксама Лінкявічус адзначыў, што надышоў час для больш інтэнсіўных кантактаў Беларусі і Літвы.

«Надышоў час для больш інтэнсіўных адносінаў, кантактаў і адкрытай размовы, паколькі, нягледзячы на ўсе станоўчыя прыклады (супрацоўніцтва — рэд.), ёсьць і рознагалосьсі. Але гэтыя рознагалосьсі не зьяўляюцца прычынай не размаўляць. Мы павінны гэта рабіць», — сказаў Лінас Лінкявічус.

На сустрэчы ў беларускім урадзе прадметна абмеркавалі пытаньні беларуска-літоўскага ўзаемадзеяньня, у тым ліку ў нафтахімічнай галіне і альтэрнатыўных пастаўках газу. Як сказаў Лінкявічус, Літва прапануе Беларусі інтэнсіўна выкарыстоўваць яе інфраструктуру для наладжваньня рэгулярных паставак нафты і газу, гатовая працягваць альтэрнатыўныя пастаўкі нафты і «разгледзець тэхнічныя рашэньні, магчымасьці паставак газу».

Прэмʼер-міністар Беларусі Сяргей Румас адзначыў, што гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва зь Літвой разьвіваецца вельмі добра — у 2019 годзе таваразварот паміж Беларусьсю і Літвой наблізіўся да 1,5 мільярда даляраў — але патэнцыял яго «далёка ня вычарпаны» і «мог бы быць значна вышэй».

«Сумеснымі намаганьнямі мы павінны садзейнічаць гэтаму, у тым ліку праз фармаваньне спрыяльнага палітычнага клімату», — дадаў Румас.

Як адзначылі падчас сустрэчы, далейшаму разьвіцьцю адносінаў будзе спрыяць беларуска-літоўскі форум, заплянаваны на 14-15 траўня ў Клайпэдзе, на які Лінас Лінкявічус перадаў Сяргею Румасу запрашэньне ад літоўскага прэмʼера.

Кіраўнік беларускага МЗС Уладзімер Макей падчас сустрэчы зь Лінасам Лінкявічусам з жалем канстатаваў, што «апошнія некалькі гадоў афіцыйныя кантакты паміж Беларусьсю і Літвой не адрозьніваліся актыўнасьцю», але выказаў упэўненасьць, што візыт міністра замежных спраў Літвы «стане пачаткам новага пэрыяду ў двухбаковых адносінах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG