Узровень беспрацоўя ў 28 краінах – сябрах Эўрапейскага зьвязу ў сьнежні 2019 году склаў 6,2%, і гэта самы нізкі паказьнік са студзеня 2000 году, сьведчаць дадзеныя Статыстычнага ўпраўленьня Эўразьвязу (Эўрастат).
Сярод краінаў Эўразьвязу самы нізкі ўзровень беспрацоўя ў сьнежні 2019 году зафіксавалі ў Чэхіі (2,0%), а таксама ў Нямеччыне (3,2%) і Нідэрляндах (3,2%).
У суседняй Польшчы ўзровень беспрацоўя склаў 3,3%.
Самыя высокія паказьнікі беспрацоўя былі ў Грэцыі (16,6% у кастрычніку 2019-га), Гішпаніі (13,7%) і Італіі (9,8%).
Беспрацоўе сярод моладзі ў Эўразьвязе ў сьнежні 2019 году зьменшылася да 14,1% у параўнаньні з 14,6% у сьнежні 2018 году.
Узровень беспрацоўя ў краінах эўразоны* склаў 7,4%, і гэта самы нізкі паказьнік з траўня 2008 году. У параўнаньні з сытуацыяй годам раней колькасьць беспрацоўных зьнізілася на 747 тысяч чалавек у Эўразьвязе і на 592 тысячы — у эўразоне.
*У эўразону ўваходзіць 19 краінаў – сяброў Эўразьвязу: Аўстрыя, Бэльгія, Кіпр, Латвія, Нямеччына, Гішпанія, Літва, Італія, Ірляндыя, Мальта, Нідэрлянды; Славакія, Люксэмбург, Партугалія, Славенія, Фінляндыя, Эстонія, Францыя, Грэцыя.