Супрацоўнікі Жытомірскага падразьдзяленьня Дэпартамэнту супрацьдзеяньня гандлю людзьмі Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны вызвалілі з працоўнага рабства грамадзяніна Беларусі — яго разам зь яшчэ шасьцю ўкраінцамі прымусова выкарыстоўвалі на будаўнічых работах у розных гарадах вобласьці.
Сьледчыя пакуль не ўдакладняюць, у якой краіне ці горадзе беларус быў завэрбаваны і адкуль ён паходзіць. Кажуць, што яму абяцалі працу на будаўніцтве, належныя ўмовы пражываньня і заробак, а таксама магчымасьць бесьперашкодна вярнуцца дадому ў любы момант.
На справе, беларуса, як і іншых, пасялілі ў Зубкавічах Алеўскага раёну Жытомірскай вобласьці ў непрыстасаваным для пражываньня памяшканьні, дзе разьмяшчалася станцыя тэхнічнага абслугоўваньня аўтамабіляў, мыйня і бар. Матывуючы неабходнасьць афіцыйнага працаўладкаваньня, у яго забралі пашпарт.
«Працадаўцы» кантралявалі, як нанятыя грамадзяне выконвалі свае абавязкі на будаўніцтве, абмяжоўвалі іхныя кантакты зь мясцовымі, ужывалі фізычны і псыхалягічны ціск, каб пазьбегнуць магчымага супраціву «рабоў».
Паводле сьледзтва, усіх грамадзян выкарыстоўвалі ў будаўніцтве і рамонце дзяржаўных будынкаў. У прыватнасьці, беларус нібыта працаваў на будаўніцтве аднаго з памяшканьняў Алеўскай гарадзкой рады і корпусу Алеўскай гімназіі. За ўвесь час працы — з красавіка 2019-га па студзень 2020 году — працадаўцы ніводнага разу ня выплацілі заробкаў.
У сярэдзіне студзеня паліцэйскія правялі шэраг ператрусаў і затрымалі чатырох арганізатараў схемы працоўнай эксплюатацыі — усе грамадзяне Ўкраіны. Двое зь іх цяпер знаходзяцца ў сьледчым ізалятары і адзін утрымліваецца пад кругласутачным хатнім арыштам. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што яны наўмысна вышуквалі беспрацоўных людзей, якія ня мелі сталай крыніцы даходаў і былі сацыяльна ўразьлівымі.
Паводле ўкраінскага заканадаўства, за арганізацыю вэрбаваньня, перамяшчэньня і ўтрыманьня людзей з мэтай працоўнай эксплюатацыі фігурантам справы пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў з або без канфіскацыі маёмасьці.
У часе ператрусаў у памяшканьнях апэратыўнікі таксама знайшлі халодную і агнястрэльную зброю, боепрыпасы і выбуховыя рэчывы.
Вядзецца дасудовае расьсьледаваньне справы.