У Кітаі па стане на поўнач 29 студзеня дня колькасьць загінулых ад новага каранавірусу ўзрасла да 170, за апошнія суткі памерлі 38 чалавек, паведамляе дзяржаўны камітэт КНР у пытаньнях аховы здароўя.
Усяго ў Кітаі пацьвердзілі 7711 выпадкаў захворваньня, 31 чалавек — у цяжкім стане.
У 12 167 чалавек — падазрэньне на заражэньне каранавірусам, яшчэ 81 947 чалавек праходзяць мэдыцынскае абсьледаваньне, паколькі кантактавалі з хворымі.
У Тайвані, Ганконгу і Макао пацьвердзілі яшчэ 25 выпадкаў захворваньня. У іншых краінах вірус выявілі ў 75 чалавек. Першы выпадак заражэньня пацьвердзілі ў Фінляндыі — захворваньне ў турыста дыягнаставалі ў бальніцы Лапляндыі.
Праз каранавірус у Кітаі адмянілі чэмпіянат сьвету ў лёгкай атлетыцы, які павінен быў прайсьці з 13 па 15 сакавіка ў Нанкіне, паведаміла прэс-служба Міжнароднай фэдэрацыі. Спаборніцтвы пройдуць у 2021 годзе.
Паводле апошніх дадзеных, цяпер вірус распаўсюджаны ў 15 краінах, уключаючы Сынгапур, Японію, Нямеччыну, ЗША і Францыю. У Беларусі выпадкі заражэньня пакуль ня выяўленыя, у Магілёве ёсьць два падазрэньні на інфэкцыю.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ