Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасажыры з рэйсу Пэкін — Менск: «У сталіцы Кітаю разабралі ўсе маскі, але ў аэрапорце іх раздаюць». ВІДЭА


У нацыянальным аэрапорце Менск у пасажыраў, якія прылятаюць з-за мяжы, пачалі забіраць аналізы сьлізістай носа і рота. Як гэта дзейнічае і як ставяцца пасажыры, у тым ліку замежнікі, да такіх захадаў прафіляктыкі каранавірусу?

Менскі аэрапорт, палова на 18-ю. Усяго 20 хвілін таму абвясьцілі, што сеў рэйс Пэкін — Менск, і вось з варот 1-2 пацягнуліся першыя пасажыры.

Аксана ляціць празь Менск у Кіеў. У Пэкіне была тыдзень, гасьцявала ў сяброў. Са знаёмых ніхто не захварэў. Пра сытуацыю ў Пэкіне кажа гэтак:

«Там усё неадназначна, расказваюць рознае. Масак сапраўды ў Пэкіне няма, проста ўсё разьмялі, але і панікі няма. Што я сама бачыла ў аэрапорце? З тэмпэратурай у аэрапорт не пускаюць, выяўляюць усіх, у каго тэмпэратура, празь цеплавізар. Потым на пасадцы зноў праверылі празь цеплавізар. А ўжо ў Менску ўзялі мазок з носа і рота, ва ўсіх спрэс бралі. Мне гэта вельмі спадабалася, што такія захады ў Менску робяцца, бо ў Пэкіне такога не было. Мне яшчэ ляцець дамоў у Кіеў, і не хачу прывозіць туды якую хваробу — ня дай бог».

Беларуская студэнтка Юля першы год вывучае кітайскую мову ўва ўнівэрсытэце гораду Чанша. Гэта далёка ад ачага эпідэміі, якая пачалася ў горадзе Ўхань. Юля кажа, што ў Чанша з каранавірусам спакойна, а праз Пэкін яна ляцела транзытам. І ўсё ж дзяўчына пацьвердзіла зьвесткі пра ажыятаж у сталіцы Кітаю з мэдычнымі маскамі.

«Гэта ёсьць, разьбіраюць, але хутка завозяць новыя. А ў аэрапорце дык раздаюць маскі, вось мне гэтую далі. Я не здымала яе і ў самалёце, ніхто не здымаў. Дазвалялі здымаць, толькі каб паесьці ці папіць», — расказала Юля.

Паводле Юлі, яе тройчы за паездку правяралі цеплавізарам, у тым ліку па прылёце ў Менск, і таксама ў яе ў Менску ўзялі аналізы з носа і рота. «Узялі нашы нумары тэлефонаў, сказалі, што заўтра пазвоняць ці перададуць праз SMS пра вынік». Пры нас Юля зьняла маску і ўздыхнула з палёгкай. «Уф, дзякуй, што дома».

А што расказваюць грамадзяне Кітаю?

Лю вучыцца ў Менску на эканамічным факультэце БДУ ў магістратуры. У аэрапорт прыйшоў сустрэць сваю дзяўчыну Шэю, якая таксама вучыцца ў Менску і лятала ў Кітай на зімовыя вакацыі. А чаму Лю не паляцеў зь ёй? Дорага?

«Квіток у адзін бок — 500 даляраў, але ня ў гэтым справа. Мае бацькі жывуць каля Ўхані, дзе пачалася эпідэмія, дык забаранілі мне пакуль прыяжджаць. Перапісваемся праз інтэрнэт. Бацька ў мяне бізнэсмэн, маці — чыноўніца. Зь лютага яны ідуць у адпачынак, гэтак ім сказалі зрабіць, і будуць сядзець толькі дома. Што, карантын? Ну так, можна сказаць, карантын», — пагаджаецца Лю.

Ці ведае Лю каго, хто захварэў ці нават памёр? Лю адказвае, што ня ведае, і ягоныя бацькі такімі зьвесткамі зь ім не дзяліліся. «Але прозьвішчаў памерлых ад невядомай хваробы ў нас не друкуюць, толькі лічбы», — кажа Лю

Апошні суразмоўца, Кай, здабывае ступень у Беларускім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце. Кай сказаў, што і ў яго па прылёце ўзялі мазок з носа і рота, і дадаў, што як мэдык вітае такія захады. Ухваліў Кай і тое, што беларускі ўрад накіраваў у Кітай дапамогу, каб хутчэй перамагчы эпідэмію і падтрымаць пацярпелых. «Гэта вельмі добра. Тым больш цяпер, калі адзначаецца Новы год па-кітайску. Мы вельмі ўдзячныя за гэты дар, гэта сапраўды дружба», — сказаў Кай.

Кітайскі мэдык не пацьвердзіў, што прозьвішчы грамадзян, якія памерлі ад эпідэміі, у Кітаі засакрэчаныя.

«Я пра гэта ня чуў, хоць Кітай — краіна вялікая, можа быць па-рознаму. Я жыву ў правінцыі Хэнань. У нашым мікрараёне спакойна, але людзі па максымуме сядзіць дома, абмежавалі паездкі па горадзе, нават па пад’ездах да сяброў ня ходзяць. Каб нейкія прадукты забаранілі есьці, такога няма», — сказаў Кай.

Як кітайскі мэдык ацаніў захады бясьпекі, зь якімі сутыкнуўся ў менскім аэрапорце?

«Гэта добра, што ўзялі аналізы, што праверылі празь цеплавізары. Трэба рабіць усё, каб засьцерагчыся», — сказаў Кай. Пасьля размовы мэдычную маску ён ня зьняў.

Паводле прэсавага сакратара Міністэрства аховы здароўя Беларусі Юліі Барадун, ужо некалькі дзён у менскім аэрапорце ў пасажыраў бяруць аналізы сьлізістай насаглоткі.

«Гэта тычыцца толькі пасажыраў з прыкметамі захворваньня. Правяраюць аналізы ў Рэспубліканскім цэнтры эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі», — сказала Юлія Барадун.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG