Аляксандар Лукашэнка накіраваў пасланьне Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіну, паведамілі ў прэзыдэнцкай прэс-службе.
«Дарагі сябра, трывожныя весткі аб распаўсюдзе ў Кітаі каранавірусу нікога не пакінулі абыякавым у Беларусі. Ад імя беларускага народу і ад сябе асабіста выказваю спачуваньні сем’ям памерлых, жадаю хутчэйшага выздараўлення ўсім, хто захварэў. Мы захапляемся мужнасьцю кітайскага народу і высокай эфэктыўнасьцю барацьбы кіраўніцтва КНР з гэтым невядомым раней небясьпечным захворваньнем», — гаворыцца ў пасланьні.
Лукашэнка даручыў накіраваць у Кітай самалёт з найбольш неабходнай мэдыцынскай дапамогай. Гэта лекавыя прэпараты, сродкі індывідуальнай абароны і дэзынфэкцыі. Борт ІЛ-76МД на аэрадроме Мачулішчы ўжо рыхтуецца да адпраўкі.
Таксама вывучаецца магчымасьць выезду кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя і вядучых спэцыялістаў для кансультацыйнай і мэдыцынскай падтрымкі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ