Полацкі актывіст Алесь Круткін пакараны 15 суткамі адміністрацыйнага арышту. Суд над ім прайшоў у закрытым рэжыме, паведамляе грамадзянская кампанія «Эўрапейская Беларусь».
Алесь Круткін асуджаны за ўдзел у акцыі ў абарону незалежнасьці, якая прайшла ў Менску ў сьнежні мінулага году. Інфармацыя пра вырак стала вядомая толькі пасьля таго, як яго даставілі ў полацкі ізалятар часовага ўтрыманьня.
Алеся Круткіна разам з актывісткай «Эўрапейскай Беларусі» Натальляй Сьпірыдонавай супрацоўнікі міліцыі затрымалі 27 студзеня ў Віцебску і абвінавацілі ў расклейваньні ўлётак «Калгаснай дактатуры — баста».
Сьпірыдонаву пасьля афармлення пратаколу вызвалілі праз тры гадзіны пад падпіску, Круткіна адправілі ў ізалятар.
28 студзеня Натальля Сьпірыдонава была аштрафаваная на 675 рублёў за ўдзел у леташняй антыінтэграцыйнай акцыі. Аналягічную суму ёй прысудзілі 23 студзеня — за публічны заклік выйсьці на снежаньскі пікет у Віцебску.