Колькасьць памерлых ад новага каранавірусу працягвае расьці. Толькі за суткі зафіксаваныя 15 сьмерцяў (усяго на дадзены момант ужо 56).
Кіраўнік Кітаю Сі Цзіньпін на адмыслова скліканым пасяджэньні палітбюро Кампартыі прызнаў, што распаўсюд сьмяротна небясьпечнага каранавірусу паскараецца.
Акрамя колькасьці ўжо памерлых называецца лічба хворых — гэта амаль 2000 чалавек (за суткі колькасьць тых, хто захварэў павялічылася амаль на 700), піша BBC.
Тым часам дэпартамэнт аховы здароўя горада Таронта пацьвердзіў першы выпадак заражэньня каранавірусам зь Кітаю на тэрыторыі Канады. Як паведамляе канадзкі тэлеканал CBC, гаворка ідзе пра мужчыну ва ўзросьце за 50 гадоў, які 22 студзеня вярнуўся з кітайскага горада Ухань, дзе і ўспыхнула эпідэмія новага каранавірусу. Дакладна назваць узбуджальніка хваробы атрымалася толькі 25 студзеня пасьля атрыманьня вынікаў аналізаў.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя Беларусі, каранавірус, празь які ў Кітаі ізалююць цэлыя гарады, да Беларусі пакуль не дабраўся.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ