Маладафронтаўцу Піліпу Шаўрову, які прызнаўся, што пафарбаваў чырвонай фарбай рукі помніка Пушкіну, выставілі абвінавачаньне і з ізалятара на Акрэсьціна перавялі яго ў менскае СІЗА на вуліцы Валадарскага. Пра гэта сказала Свабодзе жонка актывіста Вольга Шаўрова.
Шаўрова абвінавачваюць у хуліганстве, гэта караецца:
- грамадзкімі працамі;
- штрафам;
- арыштам;
- папраўчымі працамі — да 2 гадоў;
- абмежаваньнем волі — да 2 гадоў;
- турмой — да 3 гадоў.
Сьледчая сказала Шаўровай, што яе муж яшчэ «будзе сядзець прыкладна 2 месяцы, але дакладна да суду ня выпусьцяць і спатканьняў не дадуць».
Па зьвестках Паўла Севярынца, Шаўрова 23 студзеня перавялі з ізалятара часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна ў СІЗА на вуліцы Валадарскага, дзе трымаюць падазраваных у крымінальных злачынствах. Пра ўмовы ў камэры Шаўрова яго жонка пакуль ня ведае.
Удзень 23 студзеня, калі жонка актывіста спрабавала перадаць яму перадачу, на «Валадарцы» яе не прынялі.
«Тады сказалі, што ён яшчэ ў іх не аформлены», — сказала Шаўрова.
Што здарылася?
17 студзеня стала вядома, што нехта пафарбаваў чырвонай фарбай рукі помніка Аляксандру Пушкіну, што каля гатэля «Беларусь» у Менску.
Амбасада Расеі выступіла з адмысловай заявай, а Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу аб пашкоджаньні помніка. У першай палове 20 студзеня стала вядома, што ў нанясеньні фарбы на помнік Пушкіну прызнаўся актывіст «Маладога фронту» Піліп Шаўроў, які 19 студзеня сам прыйшоў у міліцыю. Матывы ўчынку актывіста пакуль невядомыя.