21 студзеня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб новым складзе ўраду.
У новы ўрад увайшлі:
Першы віцэ-прэм'ер: Андрэй Белавусаў (памочнік прэзыдэнта Расеі па эканоміцы)
Віцэ-прэм'еры:
Юрый Барысаў (захаваў пасаду)
Тацьцяна Голікава (захавала пасаду)
Юрый Трутнеў (захаваў пасаду)
Вікторыя Абрамчанка (кіраўнік Расрэастру)
Аляксей Аверчук (намесьнік кіраўніка падатковай службы)
Марат Хуснулін (намесьнік мэра Масквы)
Дзьмітры Чарнышэнка (старшыня праўленьня "Газпром-мэдыя")
Міністры, якія захавалі пасады:
замежных справаў - Сяргей Лаўроў
абароны - Сяргей Шайгу
унутраных справаў - Уладзімір Калакольцаў
фінансаў - Антон Сілуанаў (пазбавіўся пасады віцэ-прэм'ера)
энэргетыкі - Аляксандр Новак
Новыя міністры:
культуры - Вольга Любімава (кіраўнік дэпартамэнту кінематаграфіі Мінкульту)
эканамічнага разьвіцьця - Максім Рашэтнікаў (губэрнатар Пермскага краю)
юстыцыі - Канстанцін Чуйчанка (былы віцэ-прэм'ер)
Пазбавіліся пасадаў:
Віцэ-прэм'еры:
Віталь Мутко
Вольга Галадзец
Аляксей Гардзееў
Дзьмітры Козак
міністры:
Уладзімір Мядзінскі (культуры)
Вераніка Скварцова (аховы здароўя)
Максім Арэшкін (эканамічнага разьвіцьця)
Ці можна на падставе аналізу новых пэрсаналіяў зрабіць нейкія высновы наконт будучай палітыкі расейскага кабінэту адносна Беларусі?
Камэнтар аналітыка Свабоды Юрыя Дракахруста:
Што кардынальных зьменаў у ёй ня будзе, можна было сказаць і не вывучаючы сьпіс новых міністраў, бо не ад міністраў і нават не ад прэм’ер-міністра палітыка адносна Беларусі залежыць. Тым ня менш нюансы адносінаў залежаць і ад міністраў. І з гэтага гледзішча варта зьвярнуць увагу на сыход некалькіх чыноўнікаў вышэйшага рангу, якія наўпрост узаемадзейнічалі зь беларускімі калегамі, курыравалі беларускі накірунак.
Пасаду міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю (МЭРГ) страціў Максім Арэшкін. Менавіта ён, разам зь беларускім міністрам эканомікі Дзьмітрыям Крутым, былі калі не «архітэктарамі», то «прарабамі» праектаў «паглыбленай інтэграцыі». МЭРГ РФ каардынаваў падрыхтоўку расейскімі ведамствамі ўсіх праектаў «дарожных мапаў» далейшай інтэграцыі.
Пераемнікам Арэшкіна стаў Максім Рашэтнікаў, былы губэрнатар Пермскага краю. Ён пэўны час працаваў у фэдэральным міністэрстве рэгіянальнага разьвіцьця, некалькі гадоў быў міністрам ва ўрадзе Масквы, але большая частка яго карʼеры прайшла ў Пермскім краі.
Складана сказаць, наколькі хутка ён зможа ўвайсьці ў праблематыку двухбаковых адносінаў. Пры гэтым ня варта забываць, што першым намесьнікам міністра застаецца Міхаіл Бабіч, былы пасол РФ у Беларусі, які лічыцца прыхільнікам жорсткай пазыцыі адносна Менску.
Стратэгію будзе вызначаць не міністар і не ягоны намесьнік, але пакуль невядома, хто ў большай ступені будзе вызначаць нюансы — новапрызначаны міністар з пераважна рэгіянальным досьведам ці яго рашучы намесьнік, які мае своеасаблівыя, аднак пэўныя погляды на двухбаковыя адносіны.
Сваю пасаду віцэ-прэмʼера страціў Дзьмітры Козак, які таксама лічыўся адным з прыхільнікаў жорсткай лініі адносна Беларусі. Менавіта Козак у сьнежні 2018 году, яшчэ напярэдадні абвяшчэньня «ультыматуму Мядзьведзева», патлумачыў беларускай урадавай дэлегацыі, што рашэньне ўсіх эканамічных праблемаў адбудзецца толькі пасьля вырашэньня пытаньня аб інтэграцыі. І пазьней Козак вызначаўся падобнымі рэзкімі выказваньнямі наконт двухбаковых адносінаў.
Нарэшце, на чале ўраду ўжо не стаіць Дзьмітры Мядзьведзеў, які ў сьнежні 2018 году той інтэграцыйны ўльтыматум і агучыў.
Паўтаруся, усё гэта не азначае зьмены ці карэкцыі палітыкі адносна Беларусі. Да таго ж ва ўрадзе засталіся ключавыя міністры, у прыватнасьці, замежных справаў Сяргей Лаўроў, фінансаў Антон Сілуанаў, энэргетыкі Аляксандар Новак, якія таксама нярэдка агучвалі няўмольную лінію Крамля адносна Беларусі.
Але сыход некалькіх хардлайнэраў можа азначаць зьмену прынамсі тону размоваў. Гэтак жа як пасьля таго, як Дзьмітры Мезенцаў зьмяніў Міхаіла Бабіча на пасадзе пасла РФ у Беларусі, палітыка не зьмянілася, але тон размоваў стаў больш дыпляматычным.