Трэці чалавек памёр у горадзе Ухань кітайскай правінцыі Хубэй ад новага тыпу каранавірусу, гаворыцца ў паведамленьні гарадзкога камітэту здароўя Кітаю.
Па стане на 22.00 (17.00 паводле менскага часу) 19 студзеня ў Кітаі афіцыйна пацьверджана 198 выпадкаў заражэньня новым тыпам каранавірусу.
«Зь іх 25 чалавек ужо выпісаныя зь лякарні, 35 пацыентаў застаюцца ў цяжкім стане, 9 — у вельмі цяжкім, трое пацыентаў памерлі. Стан астатніх ацэньваецца як стабільны», — гаворыцца ў паведамленьні.
З 817 чалавек, якія мелі шчыльны кантакт з хворымі, 727 ужо вывелі з-пад мэдыцынскага назіраньня, 90 усё яшчэ застаюцца пад наглядам спэцыялістаў, сымптомаў захворваньня ў іх пакуль няма.
- Раней паведамлялася, што ў кітайскім горадзе Ухань была зарэгістравана ўспышка пнэўманіі, аднак мэдыкі высьветлілі, што прычынай хваробы стаў раней невядомы від каранавірусу. Пры гэтым першыя хворыя падхапілі захворваньне ад морапрадуктаў на рынку ў горадзе Ухань.
- 11 студзеня была зафіксаваная першая сьмерць ад хваробы, 17 студзеня — другая.
- 20 студзеня першы выпадак захворваньня на новы тып каранавірусу зафіксавалі ў Паўднёвай Карэі, паведаміла агенцтва Yonhap. 16 студзеня першы выпадак заражэньня невядомым вірусам пацьвердзілі ў Японіі, 13 студзеня — у Тайляндзе.
- Брытанскія экспэрты з Цэнтру глябальнага аналізу інфэкцыйных захворваньняў пры Імпэрскім каледжы Лёндана лічаць, што на самай справе колькасьць хворых можа перавышаць 1,7 тысячы чалавек.