Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая Брытанія захавае санкцыі адносна Беларусі пасьля Brexit

абноўлена

© Shutterstock
© Shutterstock

Урад Вялікай Брытаніі захавае санкцыі адносна Беларусі пасьля выхаду Каралеўства з Эўразьвязу.

Выпраўленьне: У пачатковай вэрсіі навіны паведамлялася, што Вялікая Брытанія будзе ўводзіць уласныя санкцыі. На самой справе Вялікая Брытанія захавае дзейны рэжым санкцыяў Эўразьвязу і цяпер не зьбіраецца мяняць санкцыйную палітыку ў дачыненьні да Беларусі.

Вялікая Брытанія дэкляруе, што санкцыі ўжываюцца, каб заахвоціць беларускія ўлады:

  • паважаць дэмакратычныя прынцыпы і інстытуцыі, падзяленьне ўладаў і вяршэнства закону ў Беларусі;
  • устрымлівацца ад рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасьці;
  • належным чынам расьсьледаваць зьнікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзьмітрыя Завадзкага;
  • паважаць правы чалавека і выконваць міжнародныя законы адносна правоў чалавека.

Рашэньне пазначанае як зьвязанае з выхадам Брытаніі з Эўразьвязу (так званым Brexit), які чакаецца 31 студзеня.

Што з санкцыямі Эўразьвязу

Першыя санкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі зьявіліся ў 2004 годзе. Некалі Эўразьвяз меў доўгі «чорны сьпіс» — з больш як дзьвюх сотняў беларускіх чыноўнікаў, сілавікоў і судзьдзяў, якім забараняўся ўезд у Эўразьвяз. Большасьць санкцыяў былі скасаваныя ў лютым 2016 году.

На сёньня Эўразьвяз захоўвае эмбарга на пастаўкі ўзбраеньня ў Беларусь. Чатыром асобам — Уладзімеру Навумаву, Віктару Шэйману, Юрыю Сівакову і Дзьмітрыю Паўлічэнку — забаронены ўезд у Эўразьвяз. ЭЗ лічыць іх датычнымі да зьнікненьняў у Беларусі апанэнтаў улады ў 1999–2000 гадах.

Поўная адмена санкцыяў Эўразьвязу ў дачыненьні Беларусі, як сьцьвярджае эўрапейскі бок, магчымая, калі ў краіне адбудуцца паляпшэньні ў сфэры дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права.

Розныя санкцыі адносна Беларусі з 1998 году ўжывалі і ЗША: і супраць асобаў, і супраць прадпрыемстваў. Эканамічныя санкцыі ЗША зьнялі ў 2015 годзе, але пад санкцыямі застаюцца 10 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG