Павышэньне сярэдняй тэмпэратуры на Зямлі можа зрабіць Аўстралію настолькі гарачай і сухой, што жыхары гэтай краіны стануць кліматычнымі ўцекачамі, — лічыць амэрыканскі кліматоляг і геафізык Майкл Мэн, піша Rzeczpospolita.
На працягу некалькіх месяцаў Аўстралія змагаецца з пажарамі, у выніку якіх загінулі 28 чалавек і больш за мільярд жывёлаў, а пажар спустошыў раёны агульнай плошчай, роўнай Баўгарыі, — адзначае Reuters. У сьнежні тэмпэратура ў Аўстраліі пабіла рэкорды, дасягнуўшы ў некаторых месцах у самым гарачым пункце дня амаль да 50 градусаў цяпла.
«Можна ўявіць, што ў большай частцы Аўстраліі стане занадта горача і занадта суха, каб людзі маглі жыць», — кажа Мэн, дырэктар Цэнтру навук пра Зямлю ва Ўнівэрсытэце штата Пэнсільванія.
— Так, у гэтай сытуацыі, на жаль, аўстралійцы далучацца да групы кліматычных уцекачоў, — дадаў ён.
Кліматычныя ўцекачы — людзі, вымушаныя пакінуць свае дамы з прычыны зьмены клімату альбо экстрэмальных зьяваў надвор’я.