Наколькі заканамернае цяперашняе абвастрэньне адносінаў ЗША і Ірану і ці можа яно прывесьці да збройнага канфлікту? Чаму афіцыйны Менск, які калісьці называў Іран сваім стратэгічным партнэрам, фактычна адвярнуўся ад яго і падтрымаў ЗША?
Гэтыя ды іншыя тэмы ў перадачы «Праскі акцэнт» абмяркоўваюць палітолягі Андрэй Казакевіч і Сяргей Богдан. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.
Сьцісла:
- Забаронай на продаж іранскай нафты Тэгерану фактычна закруцілі кранік з кіслародам — ня зь ежай, а з кіслародам.
- ЗША паставілі чырвоныя лініі, Іран фактычна іх прыняў
- Калі Расея і Кітай не зьбіраюцца спрачацца з ЗША наконт Ірану, то як Беларусь можа заядацца з Вашынгтонам за такое пытаньне?
- Адносіны з ЗША становяцца ўсё больш важным кірункам беларускай зьнешняй палітыкі, асабліва на фоне нявызначаных адносін з Расеяй.
Забаронай на продаж іранскай нафты Тэгерану фактычна закруцілі кранік з кіслародам — ня зь ежай, а з кіслародам
Цыганкоў: Цяперашняе абвастрэньне адносінаў паміж ЗША і Іранам — наколькі яно заканамернае і аб’ектыўнае? Ці можна сказаць, што ўсё да гэтага ішло? ЗША ўводзілі санкцыі, Іран, у сваю чаргу (не прызнаючы гэтага), атакаваў танкеры ў Пэрсыдзкай затоцы і радовішчы Саудаўскай Арабіі. Які з бакоў наўмысна ішоў на абвастрэньне і чаму?
Богдан: Пачатак гэтага крызісу я б выводзіў з двух пунктаў.
1. Рашэньне прэзыдэнта ЗША Трампа аднаасобна выйсьці зь ядзернай угоды і шукаць іншага выйсьця. Гэта аказалася недастаткова эфэктыўным, каб прымусіць Іран фактычна да капітуляцыі па ўсіх напрамках. Калі б капітуляцыя была толькі ў адным напрамку — гэта была б іншая размова.
2. У траўні былі скасаваныя дазволы для пэўных краінаў купляць іранскую нафту. Пасьля гэтага ўвесь буйны гандаль іранскай нафтай стаў рызыкоўным. Калі ведаць, колькі складае гандаль нафтай у бюджэце Ірану, то ўсё становіцца зразумелым. Тэгерану фактычна закруцілі кранік з кіслародам, ня зь ежай, а з кіслародам. Далей пайшоў адваротны адлік канфрантацыі, адны бамбяць там, іншыя забіваюць тут, адно на адно.
Цыганкоў: У вашым тлумачэньні выглядае, што ЗША былі ініцыятарамі абвастрэньня. Чаму? Чаго дабіваецца Вашынгтон у сваёй канфрантацыі з Іранам?
Богдан: Гэта хутчэй нежаданьне дапусьціць ператасоўваньня герархіі сілаў у сьвеце. Мая дысэртацыя была прысьвечаная мадэрнізацыі іранскага войска. І я заўважыў, што ўсе дзяржавы, у тым ліку Расея, у сьвеце вельмі даткліва ставіліся да пэрспэктывы ядзернага статусу Ірану
Таму пазыцыя каманды Трампа ў тым, што застаецца зусім мала часу, каб вырашыць пытаньне з Іранам, пакуль той не займеў ядзернага статусу. Не абавязкова ядзерная зброя, але, напрыклад, магчымасьць мець носьбіты, боегалоўкі. Гэта памяняла б раскладку сілаў у рэгіёне.
Казакевіч: Пагаджуся, што пунктам адліку стаў выхад ЗША з дамовы з Іранам. Такія аднабаковыя дзеяньні так ці інакш павінны былі выклікаць напружанасьць у двухбаковых стасунках. З майго пункту гледжаньня, гэта была памылка. Бо можна было выкарыстоўваць іншыя сродкі ціску.
Эскаляцыя апошніх месяцаў больш зьвязаная з асобай прэзыдэнта Трампа, які вырашыў згуляць на абвастрэньне. І можна сказаць, што тактычна ён атрымаў перамогу.
Акрамя пытаньняў нафты, існуе праблема актыўнасьці Ірану ў рэгіёне. Падтрымка Тэгеранам розных проксі-арганізацый, што стала праблемай для многіх краінаў рэгіёну, якія лабіравалі жорсткую пазыцыю адносна Ірану. Гэта і Ізраіль, і Саудаўская Арабія, і іншыя дзяржавы Пэрсыдзкай затокі.
Пунктам незвароту стала атака на амэрыканскую амбасаду ў Багдадзе. Гэта была чырвоная лінія, асабліва для Трампа. Варта ўзгадаць, што ў 2012 годзе, калі адбыўся напад на амбасаду ЗША ў Бэнгазі (Лібія) і загінулі амэрыканцы — то тады дзяржсакратаром была Гілары Клінтан. І рэспубліканцы, у тым ліку Трамп падчас выбарчай кампаніі, вельмі шмат яе за гэта крытыкавалі. Так што Трампу не хацелася б трапіць перад новай прэзыдэнцкай кампаніяй у такую сытуацыю.
Цыганкоў: Але пасьля пэўных рэзкіх дзеяньняў апошнія заявы Трампа многія ацанілі як прымірэнчыя, маўляў, абмяняліся ўдарамі, і на гэтым хопіць.
Казакевіч: Так, думаю, можна іх расцэньваць як прымірэнчыя. Бо адразу пасьля забойства генэрала Сулеймані была моцная небясьпека, што гэта перарасьце ў збройны канфлікт паміж краінамі. Цяпер гэтая гісторыя фактычна завершаная. ЗША паставілі чырвоныя лініі, Іран фактычна іх прыняў.
Пра ісламскі «Камінтэрн»
Цыганкоў: Ці можна сказаць, што Іран сваёй празьмернай актыўнасьцю апошніх гадоў настроіў супраць сябе амаль увесь рэгіён — маюцца на ўвазе найперш Саудаўская Арабія і дзяржавы заліву? Наколькі гэта вечнае суперніцтва — паміж шыіцкім Іранам і суніцкімі дзяржавамі рэгіёну? На што ўвогуле спадзяецца Іран, калі ён паводзіць сябе ў рэгіёне агрэсіўна? Бо ён фактычна адзіная шыіцкая дзяржава, і калі будзе паводзіць сабе надта рэзка — то ўсе супраць яго аб’яднаюцца.
Богдан: Важна разумець, што калі мы кажам пра тыя рэгіянальныя арганізацыі, што падтрымліваюцца Іранам, то мы кажам пра структуру — Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі — якую можна параўнаць з «Камінтэрнам». Гэты Корпус — ня ГРУ, не КДБ, а Камінтэрн. Праблемы іранскага ўраду з гэтай структурай не нашмат меншыя, чым праблемы некаторых замежных дзяржаў. Бо яна дзейнічае даволі аўтаномна ад іранскіх уладаў.
Яны заўсёды ставілі на тое, што яны не шыіты, а яны мусульмане. І працаваць ім трэба ня толькі з шыіцкімі каштоўнасьцямі, а і з суніцкімі. Гэтая транснацыянальная структура спадзяецца найперш на агульнамусульманскую салідарнасьць. І часам гэта працавала.
Цыганкоў: З вашых словаў вынікае, што іранскае палітычнае кіраўніцтва нічога ня можа зрабіць з Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі, нават калі б хацела?
Богдан: Цяперашні ісламскі правадыр Хамэнэі — хутчэй арбітар, а не дыктатар. Гэта такая фігура, пад якой паміж сабой змагаюцца дзьве сілы — урад Ірану і Корпус вартавых.
Бяда і трагедыя амэрыканскай палітыкі ў тым, што пры Трампу засталася незразуметай адна рэч (пры Абаму гэта разумелі больш): ёсьць сэнс падтрымліваць урадавыя структуры Ірану, каб там ажыцьцяўляліся нейкія рэфармісцкія працэсы.
Цыганкоў: Сяргей, я памятаю, якія надзеі ўскладалі на Захадзе і ва ўсім сьвеце, калі ў 1997 годзе да ўлады прыйшоў прэзыдэнт Мухамэд Хатамі, якога называлі рэфармістам і нават «іранскім Гарбачовым». Але ён нічога ня здолеў зрабіць, і пасьля яго прыйшоў радыкальна антызаходні Ахмадзінэджад.
Богдан: І цяпер мы чакаем таго самага. Палітычныя працэсы ў Іране ідуць у гэтым кірунку. Эканоміка ляснулася, і паляпшэньня з Захадам рэфарматарам не ўдалося дасягнуць. На сёньня ў Іране лібэральны палітычны сэгмэнт збанкрутаваў.
Казакевіч: Мне падаецца, што адміністрацыя ЗША зыходзіць усё ж з пазыцыі рэгіянальных інтарэсаў. І для іх Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі — частка дзяржаўнага апарату Ірану. Для саюзьнікаў ЗША ў рэгіёне, напрыклад, для Ізраілю, бяз розьніцы — рэфармісты ў Іране ці не. Напрыклад, мы дазволім «добраму» лібэральнаму іранскаму ўраду атрымаць ядзерную зброю. Але потым прыйдзе кансэрватыўны ўрад і завалодае ўсім гэтым патэнцыялам.
Таму палітыка ЗША зразумелая, калі зыходзіць з рэгіянальных інтарэсаў. ЗША гуляюць на тое, каб больш прывязаць краіны рэгіёну да сябе, выбудаваць кааліцыю. А ўсё гэта магчыма зрабіць, толькі стрымліваючы іранскую прысутнасьць у рэгіёне. І тут не падзеліш Іран на «добры» і «кепскі».
Цыганкоў: Якраз у гэтыя дні Пуцін рабіў візыты ў Сырыю і Турэччыну. Якая роля Расеі ў рэгіёне? Наколькі трывалая гэтая тройка — Іран, Расея, Турэччына — краіны, якія нібыта неяк аб’ядналіся дзеля вырашэньня сырыйскай праблемы? Але ж гэтыя дзяржавы маюць у рэгіёне зусім розныя інтарэсы. Што іх можа аб’ядноўваць? Ці надоўга?
Казакевіч: Гэты альянс сытуатыўны і ня мае нейкай доўгатэрміновай будучыні. Ня трэба забываць, што Турэччына застаецца сябрам NATO, стратэгічныя яе інтарэсы ў Сырыі супярэчаць інтарэсам Ірану. Вайсковае ўзмацненьне Ірану супярэчыць інтарэсам Расеі, таму я ня бачу стратэгічнай будучыні ў супрацоўніцтве гэтых краінаў.
Цыганкоў: Беларусь вуснамі міністра замежных спраў фактычна заняла праамэрыканскую пазыцыю ў гэтым канфлікце. Чаму гэта адбылося? Яшчэ гадоў 10–15 таму Іран абвяшчаўся ці не галоўным стратэгічным саюзьнікам Беларусі. Былі такія сумесныя праекты, як здабыча беларусамі нафты ў Іране, выпуск у Беларусі аўтамабіляў «Саманд». Цяпер усё заглухла і на эканамічным, і на палітычным узроўні. У рэгіёне Беларусь зрабіла стаўку на арабскі суніцкі блёк і цяпер нават падтрымлівае ЗША. Чаму так адбылося, чаму такі паварот у беларускай замежнай палітыцы?
Богдан: Гэта адбылося яшчэ на пачатку 2010-х гадоў. «Арабская вясна» стала тут апошнім момантам. Бо гэта агульнаўсясьветная тэндэнцыя. Заканчваецца «зачыстка» тых рэжымаў, якія Вашынгтон лічыць ізгоямі. Іран тут ледзь не апошні.
З гэтым ніхто не зьбіраецца спрачацца, у тым ліку Расея і Кітай. Кітай нават пазакрываў банкаўскія рахункі іранскіх грамадзянаў. Ну дык калі Расея і Кітай не зьбіраюцца спрачацца з ЗША наконт Ірану, то як Беларусь можа заядацца з Вашынгтонам за такое пытаньне?
Цыганкоў: Але тады — ці варта прызнаць, што арыентацыя Менску на Тэгеран была стратэгічнай памылкай?
Богдан: Яна не была стратэгічнай памылкай, бо былі іншыя часы, канец 90-х. Тады міністар бясьпекі Ірану прыяжджаў у Нямеччыну, і гэта не было праблемай. На той момант было больш шматпалярнасьці ў сьвеце. Ельцын прадаваў Ірану найноўшае ўзбраеньне, на той момант супрацоўніцтва з Іранам не было настолькі рызыкоўным. Але часы зьмяніліся, і цяпер ня трэба чакаць ад беларусаў, што яны кінуць выклік таму, што адбываецца па ўсім сьвеце.
Казакевіч: Я б трошкі па-іншаму інтэрпрэтаваў гэтую гісторыю. Пік супрацоўніцтва Беларусі з Іранам прыпадае на адміністрацыю Буша ў Вашынгтоне. І ўжо тады было даволі рызыкоўна супрацоўнічаць з Тэгеранам.
Арыентацыя на Іран была стратэгічнай памылкай Менску, якая стварыла Беларусі вельмі шмат праблемаў. Гэта паўплывала і на жорсткасьць амэрыканскіх санкцыяў адносна Беларусі. Калі глядзець дакумэнты Кангрэсу, то супрацоўніцтва Беларусі з Іранам заўсёды гучала ў гэтых дакумэнтах у якасьці аргумэнтацыі разам з правамі чалавека, выбарамі і гэтак далей. Ну, і ў выніку Беларусь вывучыла гэты ўрок.
Тады Беларусь спадзявалася атрымаць ад Ірану значныя фінансавыя плюсы, але выйшла акурат наадварот.
Вельмі цікава, што беларускае МЗС фактычна выказала праамэрыканскую пазыцыю. Але гэта ўкладаецца ў лёгіку стасункаў паміж Менскам і Вашынгтонам апошніх двух гадоў. Бо адносіны з ЗША становяцца ўсё больш важным напрамкам беларускай зьнешняй палітыкі, асабліва на фоне нявызначаных адносін з усходнім суседам Беларусі.