Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынца вызвалілі з «сутак» да сьвітаньня


Павал Севярынец, архіўнае фота
Павал Севярынец, архіўнае фота

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец выйшаў на волю зранку 10 студзеня. Ягонае вызваленьне з-пад адміністрацыйнага арышту і чакалася ў гэты дзень, але ня так рана: а палове на 12-ю. Апоўдні яго чакае новы суд.

Паводле Севярынца, яго паднялі яшчэ ўначы і загадалі зьбіраць рэчы. Ён думаў, што так рыхтуюць да наступнага суду і новых «сутак». Але высьветлілася, што ў тэрмін зьняволеньня залічылі пяць гадзінаў затрыманьня 18 сьнежня, калі «здымалі на камэру папярэджаньні пра дзяцей і ялінку». Ягоны арышт, такім чынам, скончыўся ў 6.45 10 студзеня.

«Як прайшлі 15 сутак? — піша Севярынец. — Акрэсьціна ёсьць Акрэсьціна. Зноў вошы (у маёй 14-й камэры перад гэтым, як я даведаўся, знарок трымалі бяздомных: рыхтаваліся да сьвяточных пасадак, так сказаць). На ўваходзе забралі асадкі і стрыжні (каб пісьменьнік у камэры не пісаў). Апошнія двое сутак амаль ня спалі: ў камэру закінулі мужыка зь белай гарачкай, забралі толькі сёньня ноччу пасьля чарады скандалаў».

Павал Севярынец быў асуджаны на 15 сутак 18 сьнежня за заклікі на акцыі пратэсту ў абарону незалежнасьці Беларусі і супраць інтэграцыі з Расеяй. Але яго не затрымалі ў залі суду, а адпусьцілі. 26 сьнежня яго зноў затрымалі, аштрафавалі на 1275 рублёў і адвезьлі адбываць прызначаны раней арышт.

Ён сустрэў за кратамі і дзень народзінаў (30 сьнежня палітыку споўнілася 43 гады), і Новы год, і Раство.

Пакуль Севярынец быў у няволі, судзьдзя Іван Касьцян прысудзіў яму яшчэ 1350 рублёў штрафу за адну з акцыяў пратэсту. На працэс Паўла не прывезьлі. У дзень вызваленьня яго чакае яшчэ адзін суд.

Але сям’і Севярынца ахвяроўвалі грошы праз інтэрнэт, падтрымалі іхную інтэрнэт-краму, дарылі цукеркі і цацкі для дзяцей, дапамагалі з выданьнем кнігі «Беларусалім. Сэрца сьвятла».

Севярынец не апошні з арыштаваных за пратэсты сьнежня-2019, хто выйдзе на волю: яшчэ чакаецца вызваленьне Стаса Шашка і Алеся Чахольскага (10 студзеня), Максіма Ўрбановіча і Сяргея Ціханоўскага (11 студзеня).

Акрамя таго, 9 студзеня меў выйсьці на волю пасьля 15 сутак арышту блогер Дзьмітры Казлоў (вядомы як «Шэры кот»), але яго ня выпусьцілі — кажуць, нібыта «маецца яшчэ адна пастанова аб арышце», але якая і за што, невядома.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG