Генэральная пракуратура Ўзбэкістану завяршыла расьсьледаваньне яшчэ адной крымінальнай справы аб вымагальніцтве і крадзяжы дзяржаўных сродкаў у дачыненьні да дачкі былога прэзыдэнта краіны Гюльнары Карымавай.
Крымінальная справа з абвінаваўчым заключэньнем накіраваная ў суд для разгляду па сутнасьці, гаворыцца ў заяве ведамства.
У жніўні 2015 году суд у Ташкенце прызнаў Карымаву вінаватай ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, крадзяжах і вымагальніцтве і прызначыў ёй пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі тэрмінам на пяць гадоў. Пазьней у дачыненьні да Карымавай пачалі яшчэ адну крымінальную справу па абвінавачаньні ў эканамічных злачынствах і карупцыі.
У сьнежні 2017 году, ужо пасьля сьмерці бацькі, Іслама Карымава, Гюльнара Карымава была асуджана на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Генпракуратура Узбэкістану ацаніла агульную суму нанесенай шкоды па двух крымінальных справах амаль два мільярды даляраў.
Да сакавіка 2019 году Карымава знаходзілася пад хатнім арыштам. Аднак празь неаднаразовыя парушэньні ўмоваў арышту суд прыняў рашэньне перавесьці Карымаву ў калёнію агульнага рэжыму.
У жніўні летась супраць яе пачалі новую крымінальную справу аб дачыненьні да крадзяжу дзяржаўных сродкаў і заключэньні кантрактаў насуперак інтарэсам Узбэкістану.
Паводле зьвестак Генэральнай пракуратуры Узбэкістану, сума нанесенай шкоды ацэньваецца амаль у 175 мільёнаў даляраў.
- Улады ЗША абвінавачваюць Гульнару Карымаву ў хабарніцтве і адмываньні грошай на суму 865 мільёнаў долараў. Яе імя ўнесена ў санкцыйны сьпіс Міністэрства фінансаў ЗША. Ведамства лічыць, што дачка нябожчыка прэзыдэнта ўзначальвала ва Ўзбэкістане «магутны сындыкат арганізаванай злачыннасьці».