У нядзелю, 5 студзеня, рада прадстаўнікоў (парлямэнт) Іраку прагаласаваў за разрыў дамовы з заходняй кааліцыяй у барацьбе з «Ісламскай дзяржавай» і за вывад замежных войскаў з краіны, перадае тэлеканал «Аль-Арабія».
Такім чынам, заканадаўчы сход падтрымаў прапанову выканаўцы абавязкаў прэм’ер-міністра Адыля Абдуль-Махдзі, зь якой ён выступіў пасьля таго, як 3 студзеня ў аэрапорце Багдаду амэрыканскія ВПС ліквідавалі вайскавода іранскіх сілаў «Кудс» генэрала Касэма Сулеймані і яшчэ 11 чалавек, у тым ліку лідэраў праіранскіх шыіцкіх рушэньняў.
Былы камуніст, які цяпер пазыцыянуе сябе як незалежны палітык, Абдуль-Махдзі многія гады ўваходзіў у кіраўніцтва праіранскага шыіцкага руху «Найвышэйшая ісламская рада Іраку».
У кастрычніку 2018 году прэзыдэнт Бархам Саліх прызначыў Адыля Абдуль-Махдзі на пасаду прэм’ер-міністра. Праз год, на фоне масавых пратэстаў у Іраку, Абдуль-Махдзі падаў у адстаўку і са сьнежня лічыцца выканаўцам абавязкаў кіраўніка ўраду да таго моманту, пакуль ня будзе зацьверджаны на пасадзе новы прэм’ер.
Адыль Абдуль-Махдзі пасьлядоўна выступаў за «перафарматаваньне» дачыненьняў Іраку з ЗША і іншымі краінамі Захаду. Ён адмаўляў удзел праіранскіх мілітарных фармаваньняў у разгонах мірных дэманстрацыяў у Іраку.