Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстоўцы штурмавалі будынак амбасады ЗША ў Багдадзе


Пратэсты каля будынка амбасады ЗША ў Багдадзе, 31 сьнежня 2019
Пратэсты каля будынка амбасады ЗША ў Багдадзе, 31 сьнежня 2019

Некалькі тысяч чалавек пратэставалі сёньня ля будынка амбасады ЗША ў Багдадзе з прычыны амэрыканскіх авіяўдараў па шыіцкім апалчэньні. Пэрсанал пасольства эвакуаваны, адзначае Reuters.

Дэманстранты выкрыквалі фразу: «Сьмерць Амэрыцы» і спальвалі сьцягі ЗША. Некаторыя, праламаўшы браму дыпляматычнай місіі, уварваліся усярэдзіну. Ірацкія сілы бясьпекі для разгону пратэстоўцаў ужылі сьлезацечны газ.

29 сьнежня Злучаныя Штаты нанесьлі авіяўдары па базах шыіцкай групоўкі «Катаіб Хізбала» ў Іраку і Сырыі. Загінула ня менш за 25 чалавек. Прадстаўнікі Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША назвалі гэта «абарончымі ўдарамі» ў адказ на ракетную атаку па вайсковай базе паблізу Кіркуку. Тады загінуў амэрыканскі кантрактнік. Удары нанесьлі шыіцкія баевікі, як мяркуецца, з групоўкі «Катаіб Хізбала».

Прэм’ер-міністар Іраку Адыль Абдул-Махдзі заявіў, што сваімі дзеяньнямі ЗША парушылі сувэрэнітэт краіны. Кіраўнік «Катаіб Хізбала» паабяцаў даць Вашынгтону жорсткі адказ.

  • Апошнімі месяцамі праіранскія шыіцкія сілы наносілі ўдары па амэрыканскіх сілах на іншых базах у Іраку, у тым ліку ў Баладзе, Эт-Таджы, Айн аль-Асадзе і ў аэрапорце Багдаду, а таксама па амбасадзе ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG