Перамовы Масквы і Менска адносна ўмоваў паставак расейскай нафты на беларускія НПЗ у 2020 годзе зацягваюцца, што можа прывесьці да прыпыненьня пастаўкі сыравіны зь 1 студзеня.
Пра гэта паведамляе Reuters са спысылкай на некалькі сваіх крыніц у галіне.
Па стане на раніцу 31 сьнежня на Беларусь не было аформлена ані тоны нафты з Расеі.
Масква і Менск ня могуць дамовіцца наконт цаны на нафту, тарыфу на транзыт праз тэрыторыю Беларусі, а таксама аб кампэнсацыі за пагаршэньне эканомікі беларускіх НПЗ пасьля правядзеньня падатковага манэўру ў Расеі.
На вырашэньне пытаньня ў краін засталося менш за суткі. У адваротным выпадку 1 студзеня Расеі давядзецца прыпыніць пастаўкі нафты ў Беларусь.
«Поўны аб’ём паставак па графіку ўжо дакладна ня выйдзе, а ці паставяць у студзені хоць нешта — залежыць ад перамоваў», — сказала адна з крыніц у галіны.
У панядзелак 30 сьнежня Ўладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка абмеркавалі пытаньні паставак нафты і газу, але не дасягнулі канчатковых дамоўленасьцяў па гэтых пытаньнях. 31 сьнежня на ініцыятыву расейскага боку адбылася яшчэ адна тэлефонная размова паміж Пуціным і Лукашэнкам што да паставак нафты.
Разам з тым прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў заявіў, што адсутнасьць дамоўленасьцяў — гэта не падстава абмяркоўваць «апакаліптычныя сцэнары».
«Там цяпер не варта перабольшваць рызыкі, хоць сапраўды пакуль не ўдалося дасягнуць дамоўленасьці. Вы ведаеце, што ўчора мела месца працяглая гутарка, абмяркоўваліся пытаньне інтэграцыі, справы газавыя і нафтавыя. Пакуль дамоўленасьці дасягнуць не ўдалося. Пакуль апакаліптычныя сцэнары прапануем не абмяркоўваць. Размова будзе працягнуты», — цытуе Пяскова РБК.