У судах Менску 30 сьнежня судзяць удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту супраць «паглыбленьня інтэграцыі» з Расеяй. Усіх іх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія адбыліся 7 і 8 сьнежня. У некаторых судах абвясьцілі перапынкі на некалькі гадзінаў, некаторыя адклалі на 31 сьнежня, а некаторыя і на наступны год.
У Цэнтральным раёне адносна Максіма Ўрбановіча, які ўжо адбывае 15 сутак за пратэсты, мелі прайсьці яшчэ два працэсы: адзін перанесьлі на 9 студзеня, другі — на 12.20 31 сьнежня, піша «Вясна». Разгляд справаў старшыні АГП Мікалая Казлова, мовазнаўцы Пятра Садоўскага, актывістаў Алены Янушкоўскай, Ганны Шапуцькі, Андрэя Шарэнды і Юрыя Татура перанесьлі на 9 студзеня. Высьветлілася, што ў пратаколе супраць Садоўскага на далучаным фота зусім іншы чалавек, паседжаньне суду было спынена. Суды над Андрэем Хранковым адклалі на 31 сьнежня і 9 студзеня. Таксама ў Цэнтральным раёне мелі судзіць актывіста Аляксея Сюдака, вынік невядомы.
Суд Ленінскага раёну перанёс разгляд справаў Барыса Дуброўскага, Натальлі Ладуцькі, Ганны Шапуцькі, Барыса Анікеева і Віктара Кавалькова (айцец Вікенцій) на 9 студзеня, Уладзімера Някляева, Уладзімера Арлова і Зьмітра Казлова — на 10 студзеня. Прычыны пераносу — адсутнасьць падсудных ці сьведак. У Ленінскім раёне таксама мелі судзіць Андрэя Кудзіка, супраць яго склалі 2 пратаколы, вынік невядомы.
Праваабаронцы, якія сочаць за справамі супраць удзельнікаў акцый у падтрымку незалежнасьці, выказваюць думку, што ў Ленінскім судзе атрыманы загад зацягваць гэтыя працэсы.
У Заводзкім раёне мелі судзіць Валера Рабцава, вынік невядомы.
За што судзяць?
У сьнежні ў Менску прайшло некалькі акцый пратэсту супраць інтэграцыі. На іх асобных удзельнікаў завялі адміністрацыйныя справы за парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
Агулам за 26 і 27 сьнежня ўдзельнікаў акцый аштрафавалі на 16 322 рублі. Асобных удзельнікаў акцыі аштрафавалі на 5–15 сутак. Некаторыя сустрэнуць Новы год «на сутках».
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»