Падзеі 30 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.
Дата дня
30 сьнежня 1937 году ў Менску органы НКВД расстралялі Аляксандра Цьвікевіча, беларускага палітыка, гісторыка, публіцыста, міністра замежных справаў ва Ўрадзе БНР.
Таксама ў гэты дзень
1667 — закрытая Віленская мынца (манэтны двор). З канца XV стагодзьдзя яна была асноўным цэнтрам манэтнай прамысловасьці Вялікага Княства Літоўскага.
1806 — Турэччына абвяшчае вайну Расеі. Расея займае Баку.
1842 — у дачыненьні да Беларусі ўпершыню быў ужыты расейскі імпэрскі тэрмін «Северо-Западный край».
1918 — 6-я Паўночна-Заходняя канфэрэнцыя РКП(б) у Смаленску абвясьціла сябе І зьездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, а таксама прыняла пастанову «Аб абвяшчэньні Заходняй камуны Беларускай савецкай рэспублікай», г. зн. аб стварэньні Савецкай сацыялістычнай рэспублікі Беларусі (пазьней Беларуская ССР).
1922 — Беларусь уключылі ў склад СССР. І Усесаюзны зьезд саветаў прыняў дэклярацыю і дамову аб утварэньні СССР.
1966 — улады БССР прынялі пастанову аб выданьні «Беларускай савецкай энцыкляпэдыі».
1990 — пачаўся рэгулярны рух цягнікоў па другой лініі Менскага мэтрапалітэну ад станцыі «Трактарны завод» да станцыі «Фрунзэнская».
1992 — Беларусь завязала дыпляматычныя дачыненьні зь Літвой.
2004 — Міхаіла Марыніча, былога беларускага міністра і пасла, засудзілі на 5 гадоў турмы за нібыта скрадзеныя кампутары.
2006 — пакараны сьмерцю былы дыктатар Іраку Садам Хусэйн.
У гэты дзень нарадзіліся
1865 — Рэд’ярд Кіплінг, ангельскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры.
1880 — Антон Баначыч, беларускі сьпявак і пэдагог.
1904 — Зэлік Аксельрод, беларускі габрэйскі паэт, перакладнік беларускай паэзіі на ідыш.
У памяці
1944 — Рамэн Ралян, францускі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры.
1984 — Макар Пасьлядовіч, беларускі пісьменьнік і перакладнік.