Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Губарэвіч, Някляеў і Статкевіч адказваюць, якімі будуць пратэсты супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй


Акцыя супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй у Менску 8 сьнежня
Акцыя супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй у Менску 8 сьнежня

Для Ўладзімера Някляева адказ адназначны: трэба выходзіць бараніць незалежнасьць. Мікола Статкевіч пакуль не гатовы адказаць, бо «рэагаваць трэба на дзеяньні». Юры Губарэвіч кажа, што ўсё будзе вырашана на супольнай нарадзе 26 сьнежня.

Уладзімер Някляеў: «Для мяне няма тут пытаньня: кожны дзень мы павінны бараніць незалежнасьць»

Уладзімер Някляеў упэўнены, што нельга задавацца пытаньнямі, трэба ці ня трэба выходзіць на акцыі пратэсту. Асабліва, на ягоную думку, цяпер — пасьля паведамленьня, што прэм’ер Расейскай Фэдэрацыі вельмі задаволены тым, што 30 мапаў паглыбленьня інтэграцыі будуць канчаткова падпісаныя, яны ўсе ўзгодненыя.

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

«І засталася толькі адна карта, 31-я, — „джокер“ прэзыдэнта Расеі Пуціна пра адзіную валюту. А гэта азначае — пра адзіную эканамічную, фінансавую, а значыць, і палітычную сыстэму. То бок гэта далучэньне Беларусі да Расейскай Фэдэрацыі. Інакш гэта называецца інкарпарацыяй.

У цяперашняй сытуацыі вырашаць, выходзіць ці не выходзіць на акцыі пратэсту, разважаць не маглі б ні грузіны, ні армяне, ні ўкраінцы, ні палякі. Толькі беларусы могуць разважаць, у які час і калі найлепей ім бараніць незалежнасьць краіны.

Так што для мяне няма тут пытаньня: кожны дзень мы павінны змагацца за незалежнасьць. Каб яна хаця б захавалася ў той форме, якая ёсьць цяпер».

Мікалай Статкевіч: «Рэакцыя будзе на дзеяньні»

Лідэр партыі «Народная Грамада»​ Мікола Статкевіч пакуль не гатовы сказаць, ці будзе ён асабіста і ягоныя паплечнікі далучацца да наступных пратэстаў, анансаваных Паўлам Севярынцам.

Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

«Рэакцыя будзе на дзеяньні. Будуць дзеяньні — будзем рэагаваць.

Але наконт мінулых пратэстаў я мушу адзначыць, што колькасьць удзельнікаў, фарматы акцый і нават ступень рашучасьці іхных арганізатараў не адпавядаюць ступені пагрозаў. Грамадзтва пакуль не ацаніла пагрозу незалежнасьці. Пакуль што гэта навязаная бездапаможнасьць прымушае людзей спадзявацца, як гэта ні дзіўна, на Лукашэнку, які ўпэўнена вёў да гэтай сытуацыі і працягвае ў ёй заставацца. Я пакуль што не гатовы казаць пра нейкія дзеяньні».

Паводле Статкевіча, такія сур’ёзныя інтэграцыйныя пытаньні не вырашаюцца імгненна. Да таго ж, як ён сказаў, знарок выбралі «самы цёмны, самы халодны, самы п’яны пэрыяд», калі народ больш думае пра сьвяты, а не аб праблемах інтэграцыі.

«У нас яшчэ будзе час на рэакцыю. Наша рэакцыя будзе залежаць ад таго, наколькі патрыятычны пратэст будзе сумешчаны з сацыяльным пратэстам. Наколькі нацыянальна сьвядомая частка грамадзтва здолее аб’яднацца з большасьцю, якая прагне замены Лукашэнкі», — заявіў Статкевіч.

Юрась Губарэвіч: «Рэагаваць трэба на нешта канкрэтнае. Пакуль пэўнасьці няма»

Лідэр руху «За свабоду!» Юрась Губарэвіч выказаў думку, што пакуль выказваньні Дзьмітрыя Мядзьведзева нагадваюць інфармацыйныя ўкіды і спробу націснуць на Лукашэнку перад Новым годам.

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Пакуль невядома, ці гэта агучваньне дасягнутых дамоўленасьцяў, якія засталося толькі падпісаць, ці гэта проста інфармацыйны „ўкід“ і ціск. Таму рэагаваць трэба на нешта канкрэтнае. Пакуль пэўнасьці няма.

Што тычыцца апошніх акцый, калі яны адбываюцца раз за разам у сытуацыі, дзе няма зьменаў у інфармацыі, што ў тых інтэграцыйных дакумэнтах, няма канкрэтыкі, няма дадатковай матывацыі — то колькасьць удзельнікаў зьніжаецца. Гэта асноўная небясьпека. Бо рэагаваць на „ўкіды“ не заўсёды слушна. Так што будзем назіраць. Тут маем некалькі дзён», — кажа Губарэвіч.

Што да папярэдняга абмеркаваньня анансаванай Паўлам Севярынцам чарговай акцыі, Юрась Губарэвіч запэўніў, што рух «За свабоду!» бярэ ўдзел ва ўсіх супольных нарадах. «А якое будзе рашэньне 26 сьнежня, загадваць яшчэ рана», — кажа Губарэвіч.

Чарговая акцыя апазыцыі ў Менску супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі заплянаваная на 29 сьнежня. Папярэднія акцыі ў Менску супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі 7, 8, 20 і 21 сьнежня. У розныя дні акцыі супраць інтэграцыі праходзілі і ў іншых гарадах Беларусі (у Горадні, Пінску, Лідзе), а таксама за мяжой (у Польшчы, ва Ўкраіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе).

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG