Менскія ўлады разглядаюць магчымасьць увесьці плату за праезд па некаторых дарогах. Пра гэта гаворыцца ў адказе Менгарвыканкаму на пэтыцыю групы менчукоў, які цытуе БелаПАН.
У апублікаваным на сайце petitions.by звароце да менскіх уладаў, які падпісалі 155 чалавек, казалася: «Мы, жыхары і госьці сталіцы, занепакоеныя перагрузкай цэнтральнай часткі Менску асабістымі аўтамабілямі. Лічым, што рэгуляваньне попыту на паездку ў цэнтар больш дзейсная мера, чым пашырэньне дарог. Увод платы за ўезд у зону ўнутры першага кальца адпавядае, паводле нашых дадзеных, сусьветным практыкам як вялікіх (Лёндан, Сынгапур, Стакгольм), так і маленькіх гарадоў (Валета)».
У адказе за подпісам дырэктара дзяржаўнай установы «Сталічны транспарт і сувязь» Валерыя Шкуратава гаворыцца, што менскія ўлады абмяркоўваюць магчымасьць увесьці на першым этапе плату за ўезд у горад грузавога транспарту: «Адпаведнымі падразьдзяленьнямі Менгарвыканкаму прапрацоўваецца пытаньне разгрузкі МКАД і вулічна-дарожнай сеткі гораду ад грузавога аўтатранспарту шляхам збору платы за праезд транспартных сродкаў з дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 тоны».
«У выпадку пасьпяховай рэалізацыі дадзенага этапу будзе прынята рашэньне аб мэтазгоднасьці пераносу прынцыпу працы дадзенай сыстэмы на іншыя віды транспарту», — гаворыцца ў адказе.