20 сьнежня ўвечары ў Будапэшце ля амбасады Расеі адбылася акцыя пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі з гэтай краінай.
Паводле актывісткі Бэлы Фокс, сем актывістаў зь Беларусі, Расеі, Украіны ды Вугоршчыны скандзіравалі «Жыве Беларусь!».
Яны арганізавалі вулічную выставу, прысьвечаную ўплыву Расеі на розныя краіны.
Паводле арганізатараў, частку плякатаў намаляваў славацкі палітычны карыкатурыст Марыян Каменскі.
Апошнія некалькі гадоў насупраць амбасады Расеі адбывалася шмат розных акцыяў, у тым ліку ў падтрымку ўкраінскіх маракоў, затрыманых у Азоўскім моры.
Як паведаміла Бэла Фокс, удзельнікі актыўна размаўлялі з жыхарамі Будапэшту пра тое, як Беларусь можа ператварыцца ў новы Крым, а таксама зьвярнулі ўвагу на палітычны перасьлед расейскіх актывістаў па маскоўскай «Справе 212».