У Менску прайшла нефармальная сустрэча прадстаўнікоў некантраляваных Кіевам раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей зь нямецкім парлямэнтаром Ульрыхам Ёмэ.
Дэтутат Бундэстагу Ёмэ сярод іншага заявіў пра міратворчы характар сваёй місіі і пра тое, што ён нібыта інфармаваў пра менскаую сустрэчу амбасаду Ўкраіны.
Пры гэтым амбасадар Украіны ў Менску Ігар Кізім заявіў, што яго і амбасаду ніхто не інфармаваў пра такую сустрэчу.
«Дэпутаты Бундэстага свабодныя ў сваіх паводзінах, не пракантралюеш кожнага дэпутата, магчыма, нямецкі дэпутат праінфармаваў пасольства Ўкраіны ў Бэрліне, а не ў Менску, перад ад’ездам», — дапусьціў амбасадар Кізім.
«Але калі б нас праінфармавалі і я пагаварыў бы з гэтым дэпутатам, то я б пратэставаў: мы супраць такіх сустрэч, якія легітымізуюць незаконныя ўзброеныя фармаваньні, якімі зьяўляюцца так званыя ЛНР і ДНР.
Усе перамовы павінны праходзіць у межах Трохбаковай кантактнай групы, наступнае пасяджэньне якой заплянавана на 18 сьнежня. У цяперашні час мы вывучаем абставіны гэтай сустрэчы праз МЗС Беларусі і хацелі б пагаварыць таксама з паслом Нямеччыны ў Беларусі», — заявіў Ігар Кізім.
Пазьней стала вядома, што амбасадар Нямеччыны ў Менску таксама нічога ня ведаў пра сустрэчу дэпутата Бундэстагу.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі пакуль няма інфармацыі пра гэтую сустрэчу, магчыма пазьней будзе афіцыйны камэнтар, сказаў Радыё Свабода прэсавы сакратар ведамства Анатоль Глаз.