Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанію супраць апазыцыі падчас выбараў у Маскве арганізаваў «кухар Пуціна», — СМІ


Акцыя пратэсту падчас выбараў у Масгардуму ў Маскве, 10 ліпеня 2019 году
Акцыя пратэсту падчас выбараў у Масгардуму ў Маскве, 10 ліпеня 2019 году

Расейская «Новая газета» апублікавала расьсьледаваньне пра арганізатараў кампаніі супраць апазыцыі, разгорнутай улетку 2019 году перад выбарамі ў Маскоўскую гарадзкую думу. Тэкст заснаваны на працоўных дакумэнтах удзельнікаў кампаніі, а таксама на камэнтарах аднаго з выканаўцаў.

Журналісты прыйшлі да высновы, што за сэрыяй правакацый стаіць Яўген Прыгожын, якога СМІ называюць блізкім сябрам і «кухарам» прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Свабода пераказвае расьсьледаваньне «Новой газеты», цалкам тэкст можна прачытаць тут.

«Падпольныя цэхі» Любові Собаль

29 чэрвеня так званае Фэдэральнае агенцтва навінаў (ФАН), якое зьвязваюць з Прыгожыным, паведаміла аб выяўленай у Маскве «падпольнай фабрыцы па вырабе падробленых подпісаў» на карысьць апазыцыйных кандыдатаў Любові Собаль, Ільлі Яшына і Канстанціна Янкаўскаса.

«Новой газеце» ўдалося высьветліць, што за стварэньнем гэтага фэйку стаяў паліттэхноляг Ігар Мангушаў, прыхільнік сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны, у мінулым працаваў на прыгожынскую «фабрыку інтэрнэт-троляў». Менавіта Мангушаў арандаваў і абставіў кватэру, у якой потым знайшлі «фабрыку па вырабе падробленых подпісаў». За гэта ён атрымаў 300 тысяч расейскіх рублёў. Мангушаў пагадзіўся сустрэцца з журналістамі і пацьвердзіў гэтую інфармацыю, аднак ня стаў раскрываць імя замоўніка.

«Улічваючы, што ўцечка адбылася не па маёй віне — гэта праблемы замоўніка, — той заказ я адпрацаваў, далей — не мае праблемы. У гэтай бітве жабы з гадзюкай у мяне сымпатый няма», — заявіў Мангушаў.

«Расчараваны ў апазыцыі актывіст»

У рамках кампаніі супраць апазыцыі тое ж самае агенцтва ФАН 16 ліпеня расказала гісторыю Арсенія Шыпеленка, які нібыта працаваў у штабе Любові Собаль. Малады чалавек на камэру заявіў пра «брудныя мэтады» працы, «перасьлед нязгодных» і «спажывецкае стаўленьні да людзей» у штабе Собаль.

За гэта Шыпеленка, як вынікае зь яго расьпісак, атрымаў як мінімум 850 тысяч рублёў. «Новая газета» адзначае, што раней малады чалавек быў удзельнікам пракрамлёўскага руху «Новы рубеж», а нядаўна ён наведваў унівэрсытэт у так званай «ЛНР» зь місіяй ад Расейскага ўнівэрсытэта дружбы народаў. На запыт журналістаў аб камэнтары Шыпеленка не адказаў.

Домік у Мыцішчах

31 жніўня ФАН расказала пра дом у Падмаскоўі, у які нібыта звозілі «праплочаныя» апазыцыянэрам Аляксеем Навальным актывістаў з рэгіёнаў, каб яны потым удзельнічалі ў акцыях пратэсту.

«Новая газета» знайшла гэты дом, а Ігар Мангушаў пацьвердзіў, што фэйкавы сюжэт пра «праплочаных актывістаў» быў часткай кампаніі супраць апазыцыі. Гэта пацьвярджаюць і расьпіскі аб атрыманьні ганарараў за ўдзел у сюжэце. Усяго было выдаткавана 220 тысяч расейскіх рублёў, 150 зь іх сышлі на ўзнагароджаньне падстаўным актывістам.

«Новая газета» адзначае, што ўсе фэйкавыя матэрыялы пра апазыцыю былі апублікаваныя адразу ў некалькіх СМІ, якія ўваходзяць у мэдыягрупу «Патрыёт». Яе зьвязваюць з Яўгенам Прыгожыным. Паводле дадзеных журналістаў, ён таксама фінансаваў працу «інтэрнэт-троляў», якія ўмешваліся ў амэрыканскія выбары. Акрамя гэтага, імя Прыгожына зьвязваюць з расейскай «прыватнай вайсковай кампаніяй Вагнэра».

Расьсьледаваньне «Новой газеты» аб выбарах у Масгардуму Прыгожын не пракамэнтаваў.

Аднак, увечары 15 сьнежня расьсьледаваньне пракамэнтавала мэдыягрупа «Патрыёт». У камэнтары расьсьледаваньне зьвязалі з тым, што СМІ, якія ўваходзяць у гэтую мэдыягрупу, «выпускаюць матэрыялы аб карупцыі ў рэдакцыі „Новой газеты“ і брудных мэтадах іх працы». У камэнтары таксама гаворыцца, што зьвязаныя з Прыгожыным СМІ не заўсёды былі першакрыніцамі матэрыялаў аб выбарах у Масгардуму, пра якія піша «Новая газета». Пры гэтым вынікі расьсьледаваньня «Новой газеты» прама не абвяргаюцца.

  • Апазыцыйныя кандыдаты не былі дапушчаныя на выбары ў расейскую Масгардуму з-за таго, што сабраныя імі подпісы забракаваў выбаркам. Гэта прывяло да масавых пратэстаў у Маскве. Улады палічылі іх масавымі беспарадкамі, у выніку пратэстаў былі затрыманыя сотні чалавек. Па справах, распачатых пасьля мітынгаў, некалькі чалавек атрымалі рэальныя тэрміны пазбаўленьня волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG