У Мадрыдзе завяршылася 25-я Сусьветная канфэрэнцыя ААН па клімаце. Яе ўдзельнікам удалося ўзгадніць сумесную заяву, аднак абаронцы прыроды скрытыкавалі яе.
У прыватнасьці, прадстаўнік Greenpeace Марцін Кайзэр назваў вынікі канфэрэнцыі «замахам на сутнасьць Парыскага пагадненьня» і «здрадай людзям ва ўсім сьвеце, якія пакутуюць ад наступстваў кліматычнага крызісу».
Раней пра правал канфэрэнцыі таксама заявіла 16-гадовая экалягічная актывістка і чалавек году паводле вэрсіі часопісу Time Грэта Тунбэрг.
Чакалася, што ўдзельнікі форуму ААН ўзгодняць дапамогу краінам з разьвіванай эканомікай, каб тыя паступова скарачалі выкіды вуглякіслага газу ў атмасфэру. Акрамя гэтага, навукоўцы спадзяваліся, што паводле вынікаў канфэрэнцыі будуць зацьверджаны новыя, больш сур’ёзныя абавязаньні ў справе абароне клімату.
У выніку ўдзельнікі пагадзіліся прымаць больш мер для выкананьня Парыскага пагадненьня, але не дамовіліся аб якіх-небудзь канкрэтных кроках. Міністар аховы навакольнага асяродзьдзя Чылі — краіны, якая старшынявала сёлета на канфэрэнцыі ААН, — толькі выказала надзею на тое, што выніковая заява дапаможа дасягнуць дамоўленасьцей на наступнай канфэрэнцыі ў 2020 годзе ў Глазга.
- Першапачаткова Сусьветная канфэрэнцыя ААН па клімаце павінна была адбыцца ў Сант’яга — сталіцы Чылі. Аднак з прычыны масавых пратэстаў у гэтай краіне форум перанесьлі ў Мадрыд.
- Мерапрыемства павінна было скончыцца яшчэ ў пятніцу, аднак праз рознагалосьсі паміж удзельнікамі яно зацягнулася на два дні.
- Да праблемы глябальнага пацяпленьня сёлета прыцягнутая асаблівая ўвага. У прыватнасьці, з прычыны сусьветных кліматычных забастовак школьнікаў, якія пачала ў Швэцыі 16-гадовая Грэта Тунбэрг. У верасьні яна выступіла на кліматычным саміце ААН у Нью-Ёрку. Тунбэрг абвінаваціла палітыкаў у тым, што яны «скралі ў яе дзяцінства», не клапоцячыся пра навакольнае асяродзьдзі і дабрабыт будучых пакаленьняў.