«Кава ў арліным гнязьдзе» — восьмая кніга паэткі, дзе 80 новых вершаў. Раней выходзілі «Капліца», «Ружоўніца», «Віно з Каліфорніі», «Дзікая сьліва», «Завінены рай».
«У новай кнізе „Кава ў арліным гнязьдзе“ — амаль поўнае зліцьцё аўтарскага голасу з наўкольнымі зыкамі: шаргаценьнем лістоты, яблыкападам, рэхам зьдзічэлых садоў. Але найперш — з птушынымі сьпевамі. І пераўвасабленнем ва ўлюбёных арлоў, шлюбныя гульні якіх выкрасаюць у небе абрысы васьмёрак. Восем — лічба, за якою бясконцасьць», — піша аўтарка ў прадмове.
Імпрэза пачалася зь вершаў у аўтарскім выкананьні.
«Гэтая кніжка — не для чытаньня, паміж 13-й і 14-й старонкай — пёрка. Паміж 18-й і 19-й — зноў пёрка. Яшчэ на адной старонцы — хмарка. Графіка мастака Генадзя Мацура — галерэя самастойных мастацкіх твораў», — кажа Валянціна Аксак.
«Я ўжо столькі кніжак зрабіў, а кожная — як першая, — кажа Генадзь Мацур. — Велічэзны дзякуй аўтарцы, якая мне даверыла пазьдзекавацца. Бо ня кожны аўтар давярае. У мяне быў яшчэ адзін аўтар, які давяраў — Рыгор Барадулін, які на ўсё, што я рабіў, хітравата прымружыўшыся, казаў: „Гэта геніяльна!“
Я заўсёды пытаюся ў аўтара: якой вы хочаце бачыць сваю кнігу — мяккай, жорсткай, пяшчотнай? Мы маглі б зрабіць кнігу зь іншай ідэяй: маглі даць, да прыкладу, выяву арла. Але мне падалося, што лепш падышоў бы іншы вобраз — вобраз пёрка, аблокаў. І ў гэтым глыбокая філязофія, у пэўным сэнсе — жаночая (няхай прабачаць мяне за ўзгад гендэру). І мне хацелася рухамі, эмоцыяй праілюстраваць гэтую кнігу. Яшчэ раз хачу падзякаваць аўтару за давер».
Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч кажа, што хацеў пачаць вершам, але не адважыўся.
«Я чытаю кнігі з пачатку да канца — гэта паэма. Рэжысура кнігі — гэта талент. Кнігі Валянціны Аксак — вельмі цэльныя.Іх нельга чытаць з канца, зь сярэдзіны, не па парадку. Іх трэба чытаць з пачатку да канца.
Анатацыя да кнігі таксама чытаецца як верш, і зь яе таксама зразумела, што гэта Аксак. Яе вершы заўсёды пазнавальныя. Вельмі шкада, што пакуль цалкам яе кнігі не перакладзены, перакладзеныя асобныя вершы. А вершы Валянціны цудоўна перакладаюцца. Мне дужа шкада, што творчасьць Валянціны замыкаецца на Беларусі. Іх варта перакладаць на ўсе эўрапейскія мовы», — перакананы Барыс Пятровіч.
Літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч кажа, што на прэзэнтацыях кніг Валянціны Аксак мы трапляем у містэрыю.
«Гэта падарунак, гэта пэўная мэтафара, паўнавартасная супраца з мастаком. Кніга — выдатны твор мастацтва, які існуе ўсяго ў 300 асобніках. Гэта сумяшчэньне хатняй утульнасьці і арлінай вышыні — разьлітая кава і чорнае крыло.
Тут ідзе і дыялёг зь іншымі кнігамі, якія зьявіліся раней. „Дзікая сьліва“ — на нэрве, драпаесься голкамі. І тут — быццам бы пʼеш каву і глядзіш у вышыню, у аблокі. Тут і ўспаміны пра бацькоў, як яны бачацца адсюль. Тут і ахайна ахоўваны кветнік, і дзікі сад, і іронія. Можа, кнігі Валянціны — гэта часткі паэмы, якія зьяўляюцца адна за адной, можа, гэта эпас аднаго чалавека?» — задае рытарычнае пытаньне Ціхан Чарнякевіч.
Аднакурсьніца Валянціны Аксана Еркіна кажа, што ў гэтай кнізе — свая жаночая гісторыя, загадкавая, і няхай яна будзе таямніцай.
Калега, журналіст, тэатральны крытык Вячаслаў Ракіцкі кажа:
«Вось Валянціна жартуе, што я не люблю паэзію, люблю толькі драматургію. Але гэта няпраўда — вершы Валянціны Аксак я люблю. І чытаю. А некаторыя нават ведаю на памяць», — прызнаецца Вячаслаў.
Філёзаф Валянцін Акудовіч чытаў усе кнігі Валянціны.
«Для мяне самы галоўны філёзаф — Валянціна Аксак. Паэзія і паэтыка Валянціны мянялася з часам. Першая і апошняя кніжкі пададуцца нібыта кнігі розных аўтараў, хаця ў іх і шмат падабенства. У яе кнігах жаноцкасьцю запоўненыя ўсе шчыліны. Гэта так клясна — мужчыну пагрузіцца ў жаночы сьвет, пераканацца, якія мы розныя! Перада мной — кніга Матрыярха, якая трымае ў сваіх руках увесь сьвет, яна ў адказе за ўвесь сьвет. Пэрсанальнае і экзыстэнцыйнае, вышыня і глыбіня так зьліваюцца ў адно цэлае, так натуральна спалучаныя! Так піша толькі Аксак», — кажа Валянцін Акудовіч.
Рэдактарка кнігі Аляксандра Макавік узгадвае, што працуе разам з Валянцінай з 2001 году, калі спадарыня Аксак была рэдактаркай праекту «Верш на Свабоду», куды прыносілі вершы і клясыкі, і паэты-пачаткоўцы, і графаманы.
«І Валянціна гэта рабіла так далікатна! А цяпер я маю гонар чытаць кнігі Валянціны Аксак адной зь першых. Калі быў „Завінены рай“, мне здавалася, што я трапіла ў Батанічны сад. А калі я чытала гэтую кнігу, мне здавалася, што гэта арніталягічны атлас. Але, натуральна, гэта ўсё глыбейшае.
Ёсьць такі жанр ў кітайскім жывапісе — „кветкі і птахі“, вельмі філязофскі. Паэзія Валянціны — таксама ўвасабленьне гэтых „кветак і птушак“, гэта паэтычнае апісаньне прасторы і руху. Гэта вельмі прыгожая каліграфія», — кажа Аляксандра Макавік.