Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі падазраваных у забойстве Шарамета

абноўлена

Шэсьце журналістаў у Кіеве. На майках і транспарантах пытаньне «Хто забіў Паўла?», 20 ліпеня 2017
Шэсьце журналістаў у Кіеве. На майках і транспарантах пытаньне «Хто забіў Паўла?», 20 ліпеня 2017

Пра затрыманьне падазраваных у забойстве журналіста Паўла Шарамета паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook міністар унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў. Ён анансаваў брыфінг у гэтай справе, на якім будзе агучана абвінавачаньне.

17:15 Стала вядома, што паліцыя Ўкраіны затрымала рок-музыку, сэржанта сіл спэцыяльных апэрацыяў Андрэя Антоненку. Пра гэта ён сам паведаміў у сябе ў Фэйсбуку ў момант, калі яго затрымлівалі.

Адвакат Улад Добаш паведаміў у Фэйсбуку і пра затрыманьне ў гэтай жа справе доктаркі, валянтэркі Юліі Кузьменка.

Чакаецца прэсавая канфэрэнцыя ў справе Шарамета з удзелам прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага і генэральнага пракурора Ўкраіны Руслана Рабашапкі.

Раней паведамлялася, што паліцыя Ўкраіны затрымала сямейную пару добраахвотнікаў з батальёну «Правы сэктар», якія могуць фігураваць у справе.

Як паведамляла ўкраінскае інтэрнэт-выданьне «Українська правда», у якім да сваёй гібелі працаваў Павал Шарамет і якое шчыльна займаецца хадою расьсьледаваньня справы аб ягоным забойстве, Уладзімір Грышчанка (пазыўны «Буча») затрыманы 24 верасьня, а ягоная жонка Іна (пазыўны «Пума») — 5 лістапада.

Суд арыштаваў іх абаіх на час расьсьледаваньня іншай справы, пачатай у ліпені 2018 году — іх падазраюць у замаху на забойства і ў неасьцярожных паводзінах са зброяй.

«Паводле вэрсіі сьледзтва, Грышчанкам ды іхнаму знаёмаму, таксама вэтэрану антытэрарыстычнай апэрацыі Івану Вакуленку, замовілі забойства жыхара Івана-Франкоўскай вобласьці. Яны нібыта зрабілі выбуховае прыстасаваньне і прымацавалі яго да машыны ахвяры ў горадзе Косаве 13 ліпеня 2018 году. Аднак выбуху не адбылося, бо пацярпелы мужчына сам заўважыў выбуховае прыстасаваньне», — паведамляе «Українська правда».

Паводле інфармацыі выданьня, пацярпелым меў стаць 61-гадовы Міхаіл Чакурак, якога цяпер таксама судзяць за напады, рабаваньне і падрыў будынку.

Справу Грышчанкаў расьсьледавала пракуратура Івана-Франкоўску, але цяпер усе матэрыялы перададзеныя ў Кіеў, у галоўнае ўпраўленьне паліцыі.

Як пісала сама Іна Грышчанка пасьля арышту свайго мужа, справа перададзеная ў Кіеў з фармулёўкай «у сувязі з датычнасьцю да іншых злачынстваў». Паводле яе, на Ўладзіслава «вешаюць» ня толькі замах на забойства ў Івана-Франкоўскай вобласьці, а і забойства журналіста Шарамета.

«Ці могуць яны зьвязаць гэта з Паўлам Шараметам? Я ня вельмі ўпэўнены, бо гэтага эпізоду сапраўды няма. Магчыма, яны атрымалі нейкія відавочныя доказы датычнасьці да іншых злачынстваў. Да чаго менавіта — у матэрыялах, якія маю, такога няма», — казаў адвакат Масі Наем, які абараняў Іну Грышчанку ў судзе ў часе абраньня для яе захаду стрыманьня.

У той жа час «Українська правда» піша, што вонкавым выглядам Уладзіслаў і Іна Грышчанкі сапраўды падобныя на падазраваных, прыкметы якіх абвясьціла афіцыйна сьледзтва. Апроч таго, справу сямейнай пары аб замаху на забойства ў Івана-Франкоўскай вобласьці вядзе той жа сьледчы, што і справу аб забойстве Паўла Шарамета.

У Нацыянальнай паліцыі сытуацыю не камэнтавалі.

44-гадовы ўраджэнец Менску журналіст Павал Шарамет, які працаваў у СМІ Беларусі, Расеі і Ўкраіны, загінуў 20 ліпеня 2016 году, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў.

Выбух адбыўся ў 7.45 на скрыжаваньні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве. Магутнасьць выбухоўкі, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, склала 400–600 грамаў у тратылавым эквіваленце. Пасьля высьветлілася, што гэта была мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны Мон-50.

На акцыі памяці Паўла Шарамета ў Кіеве, ліпень 2019
На акцыі памяці Паўла Шарамета ў Кіеве, ліпень 2019

Нацыянальная паліцыя Ўкраіны пачала крымінальную справу паводле артыкулу «Наўмыснае забойства». Да расьсьледаваньня падключыліся супрацоўнікі ФБР, якіх аб дапамозе папрасілі ўкраінскія ўлады. У якасьці асноўнай вэрсіі забойства разглядалася помста за прафэсійную дзейнасьць. Сьледзтва таксама не выключала, што Шарамета маглі забіць у мэтах дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне, з асабістых матываў або памылкова (цэльлю магла быць грамадзянская жонка загінулага, уладальніца выданьня «Українська правда»​ Алена Прытула, — менавіта на яе аўтамабілі ехаў Шарамет у момант трагедыі).

Месяц таму прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што вызначыў тэрміны завяршэньня расьсьледаваньня справы аб забойстве Шарамета, але адмовіўся назваць прычыны яе засакрэчваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG