Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі: «Мая прэмія — гэта чорная метка беларускім уладам»


Зьлева — амбасадар Францыі ў Беларусі Дзідзье Канэс
Зьлева — амбасадар Францыі ў Беларусі Дзідзье Канэс

У рэзыдэнцыі амбасадара Францыі ў Менску беларускаму праваабаронцу, старшыні цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму ўручылі француска-нямецкую прэмію «За правы чалавека і вяршэнства закону».

Бяляцкі — адзін з 15 сёлетніх ляўрэатаў прэстыжнай прэміі. У 2016 годзе яе атрымліваў старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Адкрываючы цырымонію, амбасадар Францыі Дзідзье Канэс выказаў пачуцьцё павагі да нястомнай дзейнасьці Алеся Бяляцкага і ягоных калег:

«Гэтая прэмія — знак удзячнасьці вам за тое, што вы зрабілі цягам усяго вашага жыцьця для абароны прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Гэта далося вам дарагой цаной — тры гады вы знаходзіліся ў зьняволеньні паводле палітычна матываванага прысуду. Францыя не забывае пра гэтую несправядлівасьць».

Алесь Бяляцкі (у цэнтры), амбасадар Францыі Дзідзье Канэс (зьлева) і амбасадар Нямеччыны Манфрэд Гутэрэр (справа)
Алесь Бяляцкі (у цэнтры), амбасадар Францыі Дзідзье Канэс (зьлева) і амбасадар Нямеччыны Манфрэд Гутэрэр (справа)

Амбасадар Нямеччыны Манфрэд Гутэрэр таксама высока ацаніў дзейнасьць Алеся Бяляцкага:

«Гэтая прэмія — знак асаблівага прызнаньня вашых выбітных заслуг у справе абароны правоў чалавека і вяршэнства закону, яна дадзеная за вашу мужнасьць і вашу дзейнасьць. Гэта таксама знак франка-нямецкага супрацоўніцтва».

Алесь Бяляцкі ў адказ выступіў фактычна з праграмнай прамовай, у якой згадаў аб праблемах правоў чалавека ў Беларусі і сьвеце, у тым ліку гаварыў пра новыя судовыя працэсы супраць праваабаронцаў. Бяляцкі заявіў, што прэмію далі ня толькі яму, але і ўсёй беларускай праваабарончай супольнасьці. Такое ўзнагароджаньне таксама было б немагчымае без «удзелу» беларускіх уладаў, якія сыстэматычна парушаюць правы чалавека, сказаў Бяляцкі:

«Гэтая прэмія дадзеная як чорная метка для беларускіх уладаў ад краінаў, для якіх правы чалавека зьяўляюцца істотнымі ў замежнапалітычным бачаньні сьвету, бо ў Беларусі застаецца аўтарытарны рэжым, людзі пазбаўленыя фундамэнтальных правоў».

Алесь Бяляцкі згадаў вынікі такой палітыкі — амаль 250 штрафаў грамадзкім актывістам і журналістам на 75 тысяч эўра, крымінальныя справы супраць журналістаў і берасьцейскага блогера Сяргея Пятрухіна.

Бяляцкі загадаў праваабаронцу Міхаіла Жамчужнага, які цяпер застаецца ў турме з палітычных матываў і цярпіць ад жорсткага абыходжаньня, значную частку часу знаходзіцца ў штрафным ізалятары. Мінулыя выбары ў Палату прадстаўнікоў Бяляцкі назваў цалкам сфальшаванымі, а выбраны парлямэнт нелегітымным. Ён заклікаў легітымныя парлямэнты не супрацоўнічаць зь ім.

Прадстаўнік БАЖ Барыс Гарэцкі і амбасадар Польшчы Артур Міхальскі
Прадстаўнік БАЖ Барыс Гарэцкі і амбасадар Польшчы Артур Міхальскі

Згадаў Бяляцкі і пагрозу незалежнасьці Беларусі з боку Расеі, сьмяротнае пакараньне, якое застаецца ў краіне, катаваньні, парушэньне моўных правоў беларусаў, дыскрымінацыю ЛГБТ, гвалт да жанчын.

«Тым ня менш, калегі, заклікаю ўсіх нас не расчароўвацца ў тым, што мы робім, не апускаць рукі. Наша настойлівая і пасьлядоўная праца, перакананы, дасьць добры плён для будучыні нашага народу».

На імпрэзу былі запрошаныя прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Беларусі, але яны не прыйшлі.

Кіраўнік дыпляматычнага прадстаўніцтва Эўразьвязу Дырк Шрубэр гутарыць з Алесем Бяляцкім
Кіраўнік дыпляматычнага прадстаўніцтва Эўразьвязу Дырк Шрубэр гутарыць з Алесем Бяляцкім

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG