Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасольства Расеі назвала «цынізмам» рашэньне паставіць у Празе помнік уласаўцам


Магілы байцоў РОА на Альшанскіх могілках у Празе
Магілы байцоў РОА на Альшанскіх могілках у Празе

Расейскае пасольства ў Чэхіі заявіла пра абурэньне «блюзьнерскім рашэньнем» стварыць мэмарыял салдатам Расейскай вызваленчай арміі (РОА), якія загінулі пры вызваленьні чэскай сталіцы ў 1945 годзе.

«Асаблівы цынізм таго, што адбываецца, заключаецца ў тым, што помнік зьбіраюцца ўсталяваць да 75-годзьдзя заканчэньня Другой сусьветнай вайны, — гаворыцца ў заяве. — У краіне, якая перажыла жахі Лідзіцэ і Лэжакі, дзе лютавалі злачынцы, якія мелі тую ж вайсковую ўніформу».

11 сьнежня рада дэпутатаў праскага раёну Прага-Ржэпарыі (Praha-Řeporyje) аднагалосна ўхваліла ўсталяваньне мэмарыялу салдатам Расейскай вызваленчай арміі (РОА), якія загінулі пры вызваленьні чэскай сталіцы ў 1945 годзе. Пра гэта паведаміла iDnes.cz.

«Гарадзкая акруга Прага 5 павінна паставіць ім помнік, — заявіў на пасяджэньні рады мэр Ржэпарыяў Павэл Новатны. Ён адзначыў, што лічыць недастатковым, што ў Празе ў салдатаў РОА ёсьць толькі безыменныя магілы. «У адрозьненьне ад чырвонаармейцаў, з уласаўцамі ў нас не было ніякіх канфліктаў», — адзначыў ён.

Мэр Ржэпарыяў Павел Новатны
Мэр Ржэпарыяў Павел Новатны

Ідэя ўсталяваць помнік байцам РОА выклікала рэзкую крытыку з боку расейскага Міністэрства замежных спраў. Новатны падкрэсьлівае, што манумэнт не ўвекавечыць РОА як калябарацыяністаў, а адзначыць іх канкрэтныя баі з вэрмахтам за Прагу ў 1945 годзе. «Помнік будзе нагадваць пра 300 выратавальнікаў Прагі з шэрагаў РОА, магілы якіх раскіданыя па розных месцах, і гэта, як правіла, безыменныя магілы. Гэта недастойна. Далей так быць ня можа. Я б ніколі не паставіў помнік Уласаву, я ня бачу для гэтага прычынаў», — сказаў ён у інтэрвію Радыё Свабода.

На пасяджэньні рады Ржэпарыяў пытаньне аб будаўніцтве помніка было прапанавана вынесьці на рэфэрэндум. Новатны ад гэтага адмовіўся. Як будзе выглядаць манумэнт — пакуль не вядома. Але плянуецца, што ён будзе абсталяваны антывандальным пакрыцьцём і відэаназіраньнем.

Андрэй Уласаў з салдатамі РОА
Андрэй Уласаў з салдатамі РОА
  • Фармаваньне падразьдзяленьняў РОА з палонных салдатаў савецкай арміі пачалося падчас Другой сусьветнай вайны ў 1943 годзе, а фактычна баяздольныя злучэньні пачалі стварацца толькі пасьля стварэньня Камітэту вызваленьня народаў Расеі на чале з Андрэем Уласавым, савецкім генэралам і кавалерам Ордэна Леніна, які перайшоў на бок немцаў
  • Толькі нешматлікія падразьдзяленьні РОА бралі ўдзел у баях з Чырвонай арміяй на ўсходнім фронце. Незадоўга да паразы Нямеччыны кіраўніцтва РОА прыняло рашэньне выйсьці з падпарадкаваньня нямецкаму камандаваньню і прабівацца на Захад, каб здацца ў палон заходнім саюзьнікам. 1-я дывізія ўласаўцаў пад камандаваньнем Бунячэнкі ўзяла ўдзел у Праскім паўстаньні, аднак кіраўніцтва паўстанцаў 7 траўня прадпісала ім пакінуць горад.
  • Адносна ролі РОА ў вызваленьні Прагі і гістарычнай ацэнкі іх дзеяньняў у чэскім грамадзтве вядуцца спрэчкі; шэраг гісторыкаў адзначае тое, што частка байцоў 1-й дывізіі РОА раней належала да падразьдзяленьняў, якія душылі Варшаўскае паўстаньне. Генэрал Уласаў і яго набліжаныя былі пакараныя ў Маскве паводле абвінавачаньня ў дзяржаўнай здрадзе, прысуд да сёньня застаецца ў сіле. Працэс вырашана было зрабіць закрытым, каб не выклікаць у насельніцтва спагады да палітычных ацэнак асуджаных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG