Міхаіл Русы вызвалены ад пасады памочніка прэзыдэнта-інспэктара па Магілёўскай вобласьці ў сувязі «зь пераходам на іншую пасаду».
Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі, ён прызначаны чальцом Савету рэспублікі сёмага скліканьня.
Міхаіл Русы быў міністрам прыродных рэсурсаў, сельскай гаспадаркі або віцэ-прэм'ерам Беларусі з 1994 году, працаваў фактычна пры ўсіх прэм'ерах, за выключэньнем Сяргея Румаса.
Паводле «прэзыдэнцкай квоты», для прадстаўнікоў кіраўніка дзяржавы адведзена восем месцаў у верхняй палаце Нацыянальнага сходу.
Пакуль Лукашэнка скарыстаўся паловай сваёй квоты, прызначыўшы «сэнатарамі», акрамя Міхаіла Русага, былую кіраўніцу сваёй адміністрацыі Натальлю Качанаву, экс-старшыню Менскага аблвыканкаму Анатоля Ісачанку і колішняга амбасадара Беларусі ў Эгіпце Сяргея Рачкова.
У Савет Рэспублікі папярэдняга скліканьня Лукашэнка дэлегаваў толькі двух уладных чыноўнікаў — экс-старшыню Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзьку і былога намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандра Папкова. Астатнія крэслы тры гады пуставалі.