«Возера радасьці» Аляксея Палуяна паводле рамана Віктара Марціновіча трапіла ў доўгі сьпіс Эўрапейскай кінапрэміі 2020 году. Гэта адбылося пасьля ўзнагароды ў Міжнародным фэстывалі кароткамэтражнага кіно ў Лёвэне.
«Гэта самая галоўная для Эўропы прэмія, — кажа рэжысэр Аляксей Палуян. — Цяпер да верасьня пройдуць усе вялікія фэстывалі: Вэнэцыя, Ратэрдам, Клермон-Фэран і іншыя адбіраюць лепшых. І да верасьня гэты лонг-ліст, куды мы цяпер трапілі, будзе поўны. Пасьля сустракаюцца дырэктары ўсіх гэтых фэстываляў, і яны ўжо будуць абмяркоўваць, якія пяць фільмаў адабраць у кароткі сьпіс. І ўжо гэтыя пяць фільмаў трапляюць 3600 сябрам кінаакадэміі, якія шляхам галасаваньня выбіраюць пераможцаў».
Эўрапейская кінапрэмія была створана ў 1988 г. дзеля аб’ектыўнасьці: буйныя фэстывалі ў Канах, Бэрліне і Вэнэцыі часам падазравалі ў залішняй лякальнасьці. Кароткі мэтар можа трапіць на кінапрэмію, толькі атрымаўшы адзін з галоўных прызоў на пэўным фэстывалі. Такіх фэстываляў усяго каля дваццаці на ўсю Эўропу.
«Для чаго існуюць фэстывалі? — тлумачыць Аляксей. — Каб ты меў магчымасьць паказаць фільм. Каб ты меў магчымасьць паказаць фільм прафэсійнай публіцы. Гэтая ўвага вельмі важная. Праз удзел у фэстывалях ты маеш магчымасьць знайсьці фінансаваньне на наступны фільм. Дужа складана без сусьветнай прэм’еры на важкім міжнародным кінафэстывалі зрабіць пракат фільма дома».
Аляксей упэўнены, што менавіта адзначанасьць на фэстывалях дае магчымасьці выбіваць далейшае фінансаваньне для беларускага кіно. Хоць 90% людзей дагэтуль думаюць, што можна зьняць фільм, пусьціць яго ў кінатэатры і зарабляць грошы.
«У нас пакуль няма культуры кінафэстываляў, людзі не разумеюць, што такое фэстывальнае аўтарскае кіно, — кажа Аляксей. — Мы ведаем толькі пра „Оскар“, пра тое, што модна. Мне здаецца, толькі цяпер, калі некаторыя з нас (рэжысэраў. — РС) пачалі перамагаць, людзі зразумелі, што фэстываль — гэта ўвогуле галоўная пляцоўка для кінамастацтва».
Аляксей лічыць, што беларускія гледачы збольшага дагэтуль лічаць кароткамэтражнае кіно больш лёгкім варыянтам доўгага мэтру, якому чагосьці не хапіла, каб стаць «сапраўдным». Аднак кароткі мэтар — гэта выклік, бо трэба расказаць гісторыю, данесьці думку ўсяго за 15-20 хвілін.
Фільм «Возера радасьці» створаны паводле адной з частак аднайменнага рамана Віктара Марціновіча. Стужка апавядае гісторыю 9-гадовай Ясі, якая апынулася ў дзіцячым інтэрнаце. Іграе яе непрафэсійная акторка Насьця, якая сама трапіла туды ў 4 гады. Сюжэт фільма таксама зьмяшчае асабістую гісторыю бацькі рэжысэра.