Падзеі 16 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.
Дата дня
16 сьнежня 1951 году быў створаны Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку — адна з найбольш значных культурных установаў беларускае эміграцыі. Інстытут падтрымлівае сувязі з многімі бібліятэкамі сьвету, асабліва з Публічнай бібліятэкай Нью-Ёрку. З канца 1980-х гадоў інстытут наладжвае кантакты з арганізацыямі Беларусі.
Таксама ў гэты дзень
1388 — першая згадка пра Маладэчна ў пісьмовых крыніцах.
1555 — першая летапісная згадка пра цяперашні Столін у Берасьцейскай вобласьці.
1918 — у Вілейцы было абвешчана пра стварэньне Літоўскай савецкай рэспублікі. Такім чынам бальшавікі ўтваралі паўсюль прамаскоўскія ўрады, бо імкнуліся прадухіліць утварэньне незалежных рэспублік.
1986 — у Алма-Аце адбыўся масавы выступ моладзі супраць рашэньня пленуму ЦК КПК, на якім першым сакратаром ЦК быў прызначаны рэкамэндаваны Масквой Генадзь Колбін. Супраць маніфэстантаў ужылі сілу, некалькі чалавек былі забітыя. У студзені 1987 году Пленум ЦК КПСС назваў падзеі ў Алма-Аце «праявай казаскага нацыяналізму».
1989 — Масавыя выступленьні ў горадзе Тымішаара, пачатак антыкамуністычнай рэвалюцыі ў Румыніі.
1991 — Казахстан абвясьціў незалежнасьць.
2011 — адбыўся расстрэл мітынгу нафтавікоў у казаскім горадзе Жанаазэн. Паводле афіцыйных зьвестак, загінулі 17 чалавек, паводле неафіцыйных — 90.
У гэты дзень нарадзіліся
1770 — Людвіг ван Бэтховэн, нямецкі кампазытар.
1905 — Мікалай Сярдобаў, беларускі опэрны сьпявак, народны артыст Беларусі.
1909 — Лукаш Калюга, беларускі пісьменьнік.
1917 — Артур Кларк, ангельскі пісьменьнік, вучоны, футуроляг і вынаходнік.
1939 — Алег Бембель, беларускі філёзаф, паэт, публіцыст, дысыдэнт, праваслаўны манах.
1946 — Сяргей Законьнікаў, беларускі паэт, журналіст, публіцыст.
1955 — Слава Корань, гітарыст і вакаліст, лідэр рок-гурту Ulis.
У памяці
1672 — памёр Ян Казімір Ваза, кароль польскі і вялікі князь літоўскі.
1904 — памёр Антоні Вільгельм Радзівіл, прускі вайсковы дзеяч.