Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі беларусаў хочуць саюзу з Расеяй?


Сьцісла:

  • Грамадзкая думка ў пытаньні адносінаў Беларусі з Расеяй супярэчлівая і няпэўная
  • Нават невялікая зьмена пытаньня сацыёлягаў істотна ўплывае на адказы
  • Больш за палову насельніцтва жадае асаблівых адносінаў з Расеяй
  • Прыхільнікі стварэньня дзейных наддзяржаўных органаў і перадачы ім часткі нацыянальнага сувэрэнітэту складаюць меншасьць – 10-15%.

Насамрэч знайсьці дакладны адказ на пытаньне, вынесенае ў загаловак, даволі складана. Яшчэ складаней атрымаць адказ, якога менавіта саюзу хочуць тыя, хто яго хоча.

Адказы на гэтыя пытаньні, асабліва на другое, надзвычай важныя ў цяперашняй сытуацыі, калі ў найбліжэйшым часе можа быць заключанае чарговае інтэграцыйнае пагадненьне, зьмест якога невядомы шырокай публіцы. Беларусь і цяпер застаецца прынамсі ў трох саюзах з Расеяй — у саюзнай дзяржаве, у Эўразійскім эканамічным саюзе і ў вайскова-палітычным саюзе АДКБ. Многія мяркуюць, што Беларусі варта выйсьці і з гэтых цяперашніх саюзаў, але яшчэ большая колькасьць беларусаў ня хоча паглыбленьня саюзьніцкіх сувязяў, яны перасьцерагаюцца, што гэта можа пазбавіць Беларусь сувэрэнітэту і незалежнасьці.

Чаму ж так складана атрымаць адказ на пытаньні, ці хочуць беларусы саюзу з Расеяй і якога менавіта? Справа тут ня толькі і ня столькі ў тым, што няма адпаведных сацыялягічных апытаньняў на гэты конт. Справа ў тым, што не існуе дакладнага пытаньня, на якое можна было б атрымаць дакладны адказ, грамадзкая думка ў гэтым пытаньні даволі супярэчлівая і дастаткова няпэўная. Таму нават нязначная зьмена пытаньня істотна мяняе разьмеркаваньне адказаў.

За саюз з РФ − 90%?

Лябараторыя «Новак» і Беларуская аналітычная майстэрня пад кіраўніцтвам прафэсара Андрэя Вардамацкага шмат гадоў задае рэспандэнтам пытаньне, у якім прапануюцца чатыры варыянты стасункаў Беларусі з РФ.

Разьмеркаваньне адказаў у апытаньнях апошніх гадоў прыводзіцца ў наступным графіку.

Графік 1.

Як бачым, адказы ня надта мяняюцца. Стабільна літаральна пару адсоткаў выказваюцца за ўступленьне Беларусі ў РФ, стабільна 10-15% — за больш глыбокую, чым цяпер, інтэграцыю (наколькі больш глыбокую — невядома), нарэшце каля трох чвэрцяў — за добрасуседзкія адносіны незалежных краінаў, пры гэтым безь візаў і мытні.

Відавочна, што для таго, каб паміж суседнімі краінамі прынамсі не было мытняў, неабходная нейкая форма мытнага саюзу. Мытню немагчыма проста скасаваць бяз пэўнага ўзгадненьня мытнай палітыкі, без парадку разьмеркаваньня мытаў ад імпарту тавараў праз агульную зьнешнюю мытную мяжу бязмытнай прасторы.

Напрыклад, Грузія, Малдова і Ўкраіна істотна зблізіліся з ЭЗ, утварыўшы з ЭЗ зону вольнага гандлю. Але мытная мяжа паміж гэтымі краінамі і Эўразьвязам існуе. Таму што няма мытнага саюзу, зона вольнага гандлю — слабейшая форма інтэграцыі.

А тры з чатырох беларусаў хочуць, каб мытняў паміж Беларусьсю і Расеяй не было, гэта значыць, што яны, як мінімум, за мытны саюз з Расеяй. Калі дадаць да гэтых 75% яшчэ 15% тых, хто за паглыбленьне наяўных саюзных адносінаў, і тыя пару адсоткаў, хто наагул за далучэньне да Расеі, то атрымліваецца прыкладна 90% за тую або іншую форму саюзу з Расеяй — ці за больш шчыльны, чым ёсьць, ці за той, які ёсьць, ці нават за больш слабы, але за больш моцны, чым стасункі, скажам, Украіны з Эўразьвязам.

Словам, адказ — 90% за саюз з Расеяй? Так? Не зусім так.
Тыя самыя лябараторыя «Новак» і Беларуская аналітычная майстроўня таксама шмат гадоў задаюць іншае пытаньне, дзе саюз з Расеяй прадстаўлены як альтэрнатыва ўступленьню Беларусі ў Эўразьвяз.

Графік 2.

(прыводзяцца сярэднія дадзеныя па апытаньнях у адпаведныя гады)

Як бачым, у такой фармулёўцы колькасьць прыхільнікаў саюзу з Расеяй (нейкага саюзу, хоць якога саюзу) зьніжаецца на дзясяткі адсоткавых пунктаў, ледзь не напалову, у параўнаньні з адказамі на пытаньне з графіку 1.

Калі на пытаньне з графіку 1 75% выказваюцца за стасункі з РФ без візаў і мытняў, то простая арытмэтыка паказвае, што прынамсі траціна зь іх, адказваючы на пытаньне графіку 2, не выказаліся за саюз з Расеяй, а некаторыя зь іх выказаліся нават за ўступленьне Беларусі ў ЭЗ.

Як у СССР, толькі без СССР і зь незалежнасьцю

Дык якое ж іх сапраўднае меркаваньне, чаго яны насамрэч хочуць? Бяз мытняў — гэта ж ужо азначае саюз. Як можна быць за тое, каб не было мытняў, і пры гэтым ня быць за саюз? Можна. Справа ў тым, што масавая сьвядомасьць не асабліва разумее, дый ня надта хоча разумець, сувязі палітыка-эканамічных катэгорыяў.

І на ўказаньне на супярэчлівасьць у поглядах такі беларус, напэўна, адкажа: «Не дурыце галаву. Хачу, каб у Расею можна было бесьперашкодна езьдзіць, бесьперашкодна зь ёй гандляваць, не чужыя ж нам людзі там жывуць. А саюз мо і ня трэба, а то намі з Масквы будуць камандаваць, чаго ня хочацца».

Словам, хачу, каб стасункі былі, як у СССР, толькі без СССР і зь незалежнасьцю. Так нярэдка разважаюць нават адукаваныя людзі, нават з паліталягічнай ці эканамічнай адукацыяй. Дык чаму зьдзіўляцца, калі так разважаюць людзі без дыплёмаў і навуковых ступеняў?

Падобныя супярэчнасьці назіраліся і ў дадзеных Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) пад кіраўніцтвам прафэсара Алега Манаева. Варта нагадаць, што ў выніку перасьледу і цкаваньня з боку ўладаў кіраўніцтва інстытуту ў 2016 годзе прыняло рашэньне спыніць правядзеньне апытаньняў. Але цікава параўнаць ранейшыя дадзеныя апытаньняў НІСЭПД з дадзенымі Беларускай аналітычнай майстэрні.

Наступнае пытаньне НІСЭПД было падобнае на пытаньне з графіку 1.

Графік 3.

Але навідавоку і адрозьненьні. У НІСЭПД варыянт, аналягічны прыязным адносінам бязь візаў і мытняў, фармуляваўся як саюзныя адносіны. Гэты варыянт адказу адпавядае наяўнаму, сучаснаму стану двухбаковых адносінаў — цяпер Беларусь і Расея маюць саюз.

Зь іншага боку, у НІСЭПД не было асобнага варыянту адказу, які б прадугледжваў паглыбленьне цяперашняй інтэграцыі.

Нарэшце, у НІСЭПД варыянт самай шчыльнай інтэграцыі прадугледжваў не распушчэньне Беларусі ў РФ, а апісваўся інстытуцыйна — праз наяўнасьць агульнага прэзыдэнта, ураду, войска, валюты.

Сутнасна адрозьненьні насамрэч ня вельмі значныя, але адказы ў графіках 1 і 3 істотна адрозныя. Як зьяўляецца саюз, так колькасьць тых, хто яго абірае, заўважна зьніжаецца.

Але калі няма варыянту паглыбленьня інтэграцыі, калі самы прасунуты варыянт збліжэньня фармулюецца не як юрыдычнае ўступленьне Беларусі ў Расею, а як фактычнае — колькасьць яго прыхільнікаў павялічваецца ў 5-6 разоў — да 10-13%.

А колькі ж насамрэч прыхільнікаў безагляднай інтэграцыі? Ад пытаньня залежыць.

Таксама ў апытаньнях НІСЭПД задавалася пытаньне, падобнае на пытаньне Беларускай аналітычнай майстэрні з графіку 2 — пытаньне пра выбар паміж геапалітычнымі арыентацыямі на ЭЗ і на РФ.

Графік 4.

(прыводзяцца сярэднія дадзеныя па апытаньнях у адпаведныя гады)

У апытаньні Беларускай аналітычнай майстэрні альтэрнатывай уступленьню Беларусі ў ЭЗ быў саюз з Расеяй (без расшыфроўкі наконт яго характару), у НІСЭПД — аб’яднаньне з Расеяй (таксама без расшыфроўкі значэньня). Аб’яднаньне — больш шчыльная сувязь, чым саюз. Але, як было паказана на графіку 3, аб’яднаньню ўсебаковаму, з супольнымі дзяржаўнымі інстытутамі, аддавалі перавагу прыкладна 10-13%, аб’яднаньню без расшыфроўкі — прыкладна ў 4 разы больш.
З іншага боку, параўнаньне графікаў 2 і 4 паказвае, што пазначэньне больш шчыльнай расейскай альтэрнатывы істотна зьніжала колькасьць прыхільнікаў расейскага вэктару і павялічвала колькасьць прыхільнікаў эўраінтэграцыі.

Дык а колькі тых і тых насамрэч? Ізноў жа — залежыць ад пытаньня. Невялікая зьмена фармулёвак вядзе да істотных адрозьненьняў у адказах.

Асобная тэма — дынаміка паказьнікаў. Як бачна з графікаў 2 і 4, і Беларуская аналітычная майстэрня, і НІСЭПД пры дапамозе сваіх пытаньняў зафіксавалі, што пасьля 2014 году адбыўся рост прарасейскіх настрояў і зьніжэньне праэўрапейскіх.

За асаблівыя стасункі, але супраць ахвяраваньня сувэрэнітэтам

Падводзячы вынікі агляду дасьледаваньняў недзяржаўных сацыялягічных цэнтраў, можна сказаць, што не існуе аднаго пытаньня, адказы на якое апісалі б дакладны геапалітычны выбар беларусаў, дакладную форму стасункаў з Расеяй, якой яны аддаюць перавагу.
Але можна зафіксаваць два чыньнікі.

1. У беларускім грамадзтве існуе даволі моцнае жаданьне асаблівых адносінаў з Расеяй. Гэтыя памкненьні вар’ююцца ад жаданьня, каб на шляху стасункаў не было перашкодаў, да гатовасьці да ўступленьня Беларусі ў РФ. Але разам гэты кантынуўм поглядаў складае больш за палову насельніцтва.

2. Прыхільнікі стварэньня дзейных наддзяржаўных органаў, перадачы гэтым наддзяржаўным органам значнай часткі нацыянальнага сувэрэнітэту, складаюць меншасьць — 10-15%.

Напрыканцы прывяду дадзеныя апытаньня, якое правёў інстытут сацыялёгіі НАН Беларусі. Паводле апытаньня 2019 году, 49,9% рэспандэнтаў лічылі, што Беларусь павінна быць незалежнай дзяржавай і будаваць свае адносіны з Расеяй на аснове міжнародных дамоваў, 36,1% апытаных — што дзьве краіны павінны ўзаемадзейнічаць адна з адной паводле прынцыпу раўнапраўнага саюзу са стварэньнем наднацыянальных органаў кіраваньня, 7,7% выказаліся за ўваходжаньне Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі.

Ці вынікае з гэтых дадзеных, што палова беларусаў — супраць любога саюзу з Расеяй і за такія самыя адносіны Беларусі з РФ, як, скажам, з Польшчай ці Нямеччынай? З гэтымі краінамі адносіны і будуюцца на аснове міжнародных дамоваў. А гэтыя 49.9% рэспандэнтаў хацелі б (гатовыя былі б), каб з Расеяй была мытная мяжа і візавы рэжым? З адказаў гэта не вынікае. Як не вынікае і адваротнае.

Зь іншага боку, тыя 36.1%, якія за раўнапраўны саюз з наднацыянальнымі арганамі кіраваньня — яны хіба супраць таго, каб Беларусь была незалежнай дзяржавай? А наднацыянальныя органы — гэта якія? Вось у цяперашняй саюзнай дзяржаве ёсьць Вышэйшы Савет, у Эўразійскім эканамічным саюзе — Эўразійская камісія, у АДКБ — сакратарыят, які, дарэчы, з 1 студзеня ўзначаліць прадстаўнік Беларусі Станіслаў Зась. Гэта ўсё — наднацыянальныя органы. Дык з дадзеных афіцыйных сацыёлягаў атрымліваецца, што за сяброўства Беларусі ў саюзнай дзяржаве, ЭАЭС і АДКБ — толькі 36.1%?

Пытаньні, якія задавалі сацыёлягі з акадэмічнага інстытуту, да ўсяго іншага яшчэ, як бачым, і недарэчныя. Яны зь цяжкасьцю паддаюцца інтэрпрэтацыі, але вельмі зручныя для маніпуляцыі. Але і тут справа не адно ў характары пытаньняў, але і ў няпэўнасьці грамадзкай думкі ў пытаньні пра стасункі Беларусі і Расеі, якая фіксуецца і ў дасьледаваньнях недзяржаўных сацыялягічных цэнтраў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG